Зьмяніць памер шрыфту
| Выдрукаваць
30.04.2008
Плян па алімпійскіх мэдалях адмянілі?
аўтар Уладзімер Глод
Перад беларускімі спартоўцамі, якія будуць выступаць на 29-х летніх Алімпійскіх гульнях у Пэкіне, упершыню ня ставіцца задача заваяваць пэўную колькасьць мэдалёў.
Міністар спорту і турызму Аляксандар
Грыгараў
заявіў, што прэзыдэнт беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Аляксандар Лукашэнка пакуль ня вызначыўся, ці паедзе ён у Пэкін.
НАК, амбасада зрабілі ўсе захады дзеля таго, каб ужо сёньня знаходжаньне кіраўніка дзяржавы было на найвышэйшым узроўні
Арганізацыйны камітэт пэкінскай Алімпіяды паведаміў: у сталіцу Кітая зьбіраюцца прыехаць кіраўнікі сарака дзяржаваў. Ці будзе сярод іх Аляксандар Лукашэнка, які ачольвае і Нацыянальны Алімпійскі Камітэт (НАК) Беларусі?
“Ён прыме рашэньне, зразумела ж, сам. Але НАК, амбасада нашай краіны зрабілі ўсе захады дзеля таго, каб ужо сёньня знаходжаньне кіраўніка дзяржавы і асобаў, якія яго суправаджаюць, было на найвышэйшым узроўні”, - кажа міністар Грыгараў.
Падчас свайго выступу перад журналістамі, які цягнуўся амаль гадзіну, Аляксандар Грыгараў ні разу не сказаў, колькі ж мэдалёў плянуюць атрымаць гэтым разам беларускія алімпійцы. І толькі з адказу на пытаньне журналістаў стала зразумелым, чаму міністар абыходзіўся бяз гэтых лічбаў:
“Сёньня наша задача — патрапіць у 20 наймацнейшых спартовых дзяржаваў сьвету і па магчымасьці пераўзысьці вынік нашага найлепшага выступу ў Сыднэі, калі беларускія алімпійцы заваявалі 17 мэдалёў, зь якіх 3 залатыя”.
Скарыстаўшы тую нагоду, што Аляксандар Грыгараў закрануў пытаньне акрэдытацыі ў Пэкіне журналістаў, я спытаўся ў яго, ці магчыма яшчэ аднавіць алімпійскую акрэдытацыю беларускай газэты “Прессбол”. Сёлета пры канцы лютага на паседжаньні НАК спартовыя чыноўнікі вырашылі — выданьне ня вартае працы ў Пэкіне, бо нібыта дыскрэдытуе алімпійскі рух. Падставай стаў артыкул журналісткі, колішняй знакамітай спартоўкі Сьвятланы
Парамыгінай
. Яна расказала, як праз сумнеўныя расейскія фірмы адмываліся вялікія сродкі, выдаткаваныя на падрыхтоўку беларускіх алімпійцаў.
Нас пазбавілі акрэдытацыі, адбылося 28 лютага. А 29-га ўжо быў дэдлайн
Міністар сказаў, што аднаўленьня акрэдытацыі ня будзе:
“Акрэдытацыю ўсе мэдыі ўжо прайшлі. Гэтая тэма закрытая”.
Галоўны рэдактар “Прессбола” Ўладзімер
Беражкоў
адзначае:
“Чыноўнікі да гэтага добра падрыхтаваліся. Паседжаньне выканкаму НАК, на якім нас пазбавілі акрэдытацыі, адбылося 28 лютага. А 29-га ўжо быў дэдлайн. Але я ня веру ў тое, што нічога нельга зьмяніць. Я памятаю выпадак, калі акрэдытацыя вярталася выданьню літаральна за тыдзень да пачатку Алімпіяды. І гэта было ў Беларусі”.
Найлепшы спартовец Беларусі 2007 году Іван
Ціхан
сказаў “Свабодзе”, што ён рэгулярна чытае “Прессбол”:
“Але ў мяне з газэтай склаліся пэўныя дачыненьні, паколькі яна ў той час, калі я перамагаў, ня вельмі спрыяльна да мяне ставілася. Чаму? Калі размаўляў з журналістамі, яны мне казалі, што нічога дрэннага да цябе ня маем. Але чамусьці заўжды пісалі пра мяне зь нейкай гарчынкай. Можа, я нечым не спадабаўся ці яшчэ нешта…
А што тычыцца акрэдытацыі, дык я ня ведаю ўсёй сытуацыі. І таму рабіць пэўныя высновы ня маю права”.
Радыё Свабода © 2008 РС | Усе правы захаваныя.