Культура

А.Марачкін створыць галерэю славутасьцяў гістарычнай Літвы

06.03.2008 08:56

Да 1000-годзьдзя першай узгадкі ў нямецкіх кроніках “месца Літва” кіраўнік творчай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін стварае жывапісную галерэю.

На задуму мастака, гэта будуць тры дзясяткі партрэтаў каралёў ВКЛ, вялікіх князёў і грамадзкіх дзеячаў, якія былі народжаныя на ліцьвінскіх землях і маюць у цяперашнім разуменьні беларускае паходжаньне. Разам з тым, аўтар не выключае: да 2009 году, калі і будзе адзначацца юбілейная дата, галерэя можа істотна пашырыцца коштам выбітных сучасьнікаў, якія і сёньня працягваюць справу славутых продкаў.

Як расказвае Аляксей Марачкін, ідэя нарадзілася летась па восені, калі літоўскія калегі запрасілі на мастацкі пленэр у знакамітыя Трокі. Імпрэза ладзілася пад агульнай назвай “Мастакі – Вялікаму княству Літоўскаму” і была прымеркаваная да 1000-годзьдзя летапіснай Літвы. І хоць разыходжаньне ў трактаваньні гістарычнай праўды, што да статусу ВКЛ, у сучасных Беларусі і Літве досыць істотнае, але, адрозна ад Беларусі, суседзі актыўна рыхтуюцца да сьвята і ў 2009 годзе будуць шырока адзначаць гэтую значную для ўсёй Эўропы гадавіну. Расказвае Аляксей Марачкін:

“Гэта дата ідзе ад той нямецкай хронікі, дзе ўпершыню ў 1009 годзе згадваецца мясьціна з назовам ці то Літва, ці то Літва, ці блізкая да гэтага ў сугучнасьці. Я лічу, што гэта таксама і нашая дата, хоць 1000-годзьдзе Беларусі мы сьвяткавалі ў 1980 годзе: хай гэта было не шырока, але першая згадка пра Княства Тураўскае прыпадае на 980 год. Але так адбылося, што я пачаў маляваць Багуслава Радзівіла, і на сёньня ў мяне ўжо больш за 30 эскізаў-картонаў, якія я буду пераводзіць на палатно. І маляваць мяркую якраз дзеячаў найперш ВКЛ, паступова сягаючы да нашага часу”.
Маляваць мяркую дзеячаў найперш ВКЛ, паступова сягаючы да нашага часу

У актыве спадара Марачкіна ўжо ёсьць асобы выбітных беларусаў: Эўфрасіньня Полацкая, Францішак Скарына, Рагнеда, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і г.д. Тыя творы вызначаліся сваёй маштабнасьцю. Цяперашнія працы будуць “сьціплыя”, усяго каля мэтра, і складуць завершаную тэматычную галерэю. Але, як зазначае аўтар, “зачапіўшыся” за вялікія постаці, ён хоча паказаць і тых, хто сёньня ня дужа на слыху:

“Гэта асобы, якіх я не маляваў, але яны пакінулі яскравы сьлед у нашай гісторыі. Тут мне, дарэчы, істотна дапамагае кніжка і дапамагаюць тыя дасьледаваньні, якія праводзіў Уладзімер Арлоў. Ягоная “Краіна Беларусь”— лічу, унікальная энцыкляпэдыя нашай гісторыі. Прыкладам, такая асоба як Саламея Русецкая – дакторка, унікальная жанчына, зьвязаная і з Эўропай, і з Турэччынай і г.д. Канечне, гэта каралі Вялікага Княства. Напрыклад, мяне вельмі цікавіць асоба Стэфана Баторыя. Гэта адметная асоба, воін, які вызваліў Полацак ад Івана Жахлівага. Канечне, натхняе вобраз Канстанціна Астрожскага. У мяне ўжо цэлы шэраг такіх картонаў. Вазьму хоць бы любы зь дзясяткаў... Вось Альгерд. Яго я хачу паказаць фрагмэнтарна, на кані. Таксама легендарная асоба”.

Мастак кажа, што ягоныя сябры і калегі ўжо натхняюць “сягаць” трохі бліжэй да сучаснасьці, паказваючы месца ў гісторыі іншых знакамітых беларусаў. Спадар Марачкін да парады прыслухаўся і нават дадаў сваёй галерэі, сярод іншага, жаночы калярыт:

“Практычна паўсюль ідуць выбітныя мужчыны, але ж патрэбныя вобразы нашых жанчын. Вось я ўжо назваў Саламею Русецкую. Дарэчы, фактычна першая кананізаваная сьвятая ў Эўропе – Эўфрасіньня Полацкая, якая трывала ўвайшла ў наша духоўнае жыцьцё. Бліжэй сюды – Эмілія Плятэр, у мяне ўжо ёсьць зь ёй картон. Яшчэ бліжэй у часе – Цётка. Яшчэ бліжэй, ужо наша сучасьніца – Ларыса Геніюш і Натальля Арсеньнева. Ну і, канечне, Палута Бадунова. Я калі прачытаў пра яе – які трагічны лёс і якая магутная змагарка! Мяркую, што ёй я буду заканчваць. Хоць хто яго ведае, як усё пойдзе далей, бо калі ўжо зачапіў бліжэй да нашага часу, то тут цэлая повязь асобаў, якія змагаліся за самастойную, незалежную, сувэрэнную краіну”.

Карэспандэнт: “То бок, ня выключана, што галерэя разрасьцецца куды больш, чым за тры дзясяткі партрэтаў?”

“Я думаю, што так, калі хопіць здароўя. Таму што я ўжо аднаго Багуслава Радзівіла зрабіў чатыры варыянты. Самы першы варыянт знаходзіцца на выставе ў Варшаве. Вельмі хочацца спраўдзіць ужо штосьці канчаткова. Але што значыць канчаткова? Будуць новыя мастакі, якія будуць па-новаму вырашаць гэтую гістарычную тэму. Але зноў скажу: хочацца якраз да 1000-годзьдзя летапіснай Літвы, а фактычна і летапіснай Беларусі (хоць яшчэ раз паўтару, што летапіснай Беларусі куды больш гадоў) рэалізаваць такі праект. І галоўнае, што ёсьць магчымасьці нешта такое зрабіць”.

Карэспандэнт: “Непасрэдна ў 2009 годзе чакаюцца мерапрыемствы з нагоды юбілею?”

“У нас створаны аргкамітэт, я туды таксама ўваходжу. Такі ідэйны кіраўнік аргкамітэту – Мікола Купава, бо ў яго таксама шмат твораў, прысьвечаных нашай гісторыі. І, натуральна, мы ўжо плянуем і выставу, і публікацыі на гэтую тэму. То бок, маем намеры рэалізаваць тое, што зьвязана з нашай гісторыяй і менавіта з 1009 годам”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Лысевiч Мiхаiл Горад:: Лiда
06.03.2008 14:43

Прыгадваю iнтэрв'ю былога амбасадара сучаснай Летувы, калi не памыляюсь, Паслаускаса адной з апазiцыйных газет. Мiж iншым ен там "вялiкадушна" зауважыу, што у нас зь iмi у мiнуушчыне шмат што супольнага (вялiкi яму дзякуй за гэдкую дабрату да нас), i шмат якiя вялiкiя постацi працавалi дзеля нашай супольнай славы. А потым ен назвау гэтыя iмены - Костус Калiнаускас, Адамкус Мiцкявiчус. Вы ведаеце, пасля гэтага я успрымаю гэту "Лiтву" ня iнакш як Жмудзь, i нiяк па iншаму. Яшчэ раз выказваю нейкае неразуменьне таго, што нашы гiсторыкi, мастакi, навукоуцы i г.д. якiя маюць нацыянальны досьвед неяк сарамлiва аддаюць нашу назву Лiтва нейкай былой правiнцыi ВКЛ Жемайтii? Вам iх так шкада!?


Імя:: Сяргей Патаранскі Горад:: Менск
09.03.2008 17:32

Адкажыце каліласка, сп.Баршчэўскі, чаму Вы наш вялікі нацыянальны лідар так абыякава ставіцеся да культуры.Гэта зразумела ваша асабістая справа, але чаму такая звышмагутная, татальная, гіперарганізацыя як Беларускі Народны Фронт не можа падтрымаць надзвычайную, Вялікую Беларускую Культуру???!!!Куды ж вы падзеліся ненаглядныя, а дзе ж вы прапалі?У вас што канчаткова знікла сумленне, калі нацыя надрываецца ў парыве рэалізацыі праблем выхавання сваіх дзяцей у нармальным беларускім рэчышчы, сацыяльных праблем, калі звычайная беларуская мама не можа пракарміць сваё дзіця, якоё яна сама нарадзіла нават разам з мужам.Куды вы зніклі, дзе вы прапалі?А дзе вашы праграмы, якія вы так абяцалі?Чаму нацыя загінаецца ў алкагалізме, наркаманіі і амаральнасці?Чаму нашы жанчыны не могуць спакойна выхоўваць дзяцей і не маюць магчымасцей для гэтага?Чаму наша моладзь замест таго каб займацца спортам, сядзець у бібліятэках займаюцца непатрэбшчынай?Чаму нашы дзяўчаты курвяцца замест таго каб хадзіць у храм і аддавацца цноце замест блуду?Адкажыце каліласка, чаму БНФ адмывае замежныя грошы, а ў гэты момант вашы людзі, за якіх вы не хочаце несці адказнасць, задыхаюцца ад голада?Чаму апазіцыі няма?Бо вы не апазіцыя, вы ніякія людзі і называць сябе апазіцыяй не маеце права.Апазіцыя гэта Беларускі Народ да такіх людзей як улада і вы.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb