Эканоміка

Сьветлагорск: Самалёт сочыць за ўцечкамі цяпла

18.03.2008 04:31

Сьветлагорскія камунальнікі з дапамогай авіяцыі вызначаюць уцечку цяпла ў жылых дамах, праводзяць выведку незаконных “урэзак” у цеплавыя сеткі. Унікальнае абсталяваньне для самалёту было зроблена ў Гомельскім інжынэрным інстытуце Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.


Цягам двух дзён над Сьветлагорскам, пасёлкамі Парычы і Сасновы Бор кружыў самалёт “Ан-2” з памаранчавымі крыламі і надпісам “МЧС”, які ў народзе называюць “кукурузьнікам”. Мясцовыя жыхары доўга не маглі зразумець мэту палётаў. Аказалася, самалёт-выведнік выкарыстоўваюць сьветлагорскія камунальнікі. Распавядае галоўны інжынэр Сьветлагорскага жыльлёва-камунальнага прадпрыемства “Сьветач” Сяргей Бяздольны.

“Асноўная мэта – высьветліць, дзе ідуць цеплавыя страты ў вонкавых цепласетках і ў жылых дамах. І другая карысьць – што гэта дапамагло выявіць незаконныя ўрэзкі, падключэньні. Але асноўная мэта – вызначыць страты. У першую чаргу замена цеплавых сетак адбудзецца там, дзе гэтыя страты найбольш істотныя, дзе ёсьць ўцечка цеплавой энэргіі. І тое ж самае – па мадэрнізацыі жылых дамоў”. 

Асноўная мэта – высьветліць, дзе ідуць цеплавыя страты ў вонкавых цепласетках і ў жылых дамах. І другая карысьць – што гэта дапамагло выявіць незаконныя ўрэзкі, падключэньні
Апаратура, усталяваная на самалёце, унікальная. Цеплавыя датчыкі ловяць уцечкі на цеплатрасе глыбока пад зямлёй, а таксама ў жылых дамах на стыках, гаўбцах, дахах. Дакладнасьць апаратуры – 30 сантымэтраў, тлумачыць Сяргей Бяздольны:

“Усё бачна з дапамогай прыбора “Цеплавізар”. Калі яны пралятаюць над тэрыторыяй, ўсё здымаецца, і на мапе гораду бачна, дзе ёсьць страты цяпла. Гэтыя аб’екты сьвецяцца ў інфрачырвоным апраменьваньні. Гэта цуда-тэхніка належыць Гомельскаму інжынэрнаму інстытуту Міністэрства надзвычайных сытуацыяй. Але яны сакрэты свае не раскрываюць. Яны працавалі ў нас па дамове, выканалі аб’ём працы, а нам прадаставілі мапы, альбомы. Да таго ж, на кампутары можна ўсё ўбачыць”.

У якую “капейчыну” абышлося выкарыстаньне самалёта цягам двух дзён, камунальнікі не паведамляюць.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb