Грамадзтва

Горадня: міліцыя дзяжурыць ля Польскага цэнтру

29.03.2008 14:14

Ад раніцы гарадзенскія міліцыянты намагаліся правесьці ператрус у памяшканьні Польскага цэнтру бізнэсу і турызму, дзе зьбіраюцца сябры не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў.


Цяпер каля цэнтру шмат людзей рознага ўзросту, якія падтрымліваюць Анжаліку Борыс.
Прыкладна а палове дзявятай раніцы побач з офісам не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў машынамі ДАІ быў заблякаваны мінібус, у якім сядзела Анжаліка Борыс і яшчэ некалькі ейных калегаў. Яны зьбіраліся некуды ад’ехаць. Міліцыянты запатрабавалі правесьці праверку мінібуса і офісу. Аднак усе хутка выйшлі з машыны, зачынілі яе і разышліся, адказаўшы міліцыянтам, што ня маюць ключоў ад офісу.

А палове дзясятай на машыне ДАІ прывезьлі кіраўніка Польскага цэнтру бізнэсу і турызму Зыгмунта Пелуця, які адчыніў памяшканьне офісу. Міліцыянты яго агледзелі, але не змаглі адчыніць аднаго пакойчыка – у спадара Пелуця не было ключоў.

Зыгмунт Пелуць спрабаваў удакладніць, што міліцыянты шукаюць і на падставе чаго. У адказ адзін зь міліцыянтаў запытаўся, ці няма ў офісе незарэгістраваных выданьняў.

Дзьвярэй офісу ламаць ня сталі, паколькі ў міліцыянтаў відавочна не было на гэта дазволу. За дзьве гадзіны ў памяшканьне прыйшло шмат людзей, сяброў Саюзу палякаў, пераважна сталага веку. Яны засталіся там: сядзелі, сьпявалі песьні і пілі гарбату.

Адзін зь міліцыянтаў прапанаваў усім разысьціся, маўляў, тады й яны ад’едуць ад офісу. Людзі не пагадзіліся, яны надалей сядзяць у офісе, а міліцыянты дзяжураць побач з будынкам.

Разам зь людзьмі ў офісе знаходзяцца супрацоўнікі Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні. Час ад часу ў офіс заходзяць міліцыянты і правяраюць дзьверы зачыненага пакойчыка. На двары час ад часу зьмяняюцца міліцэйскія машыны. Такая сытуацыя працягваецца цэлы дзень. Людзі кажуць, што пры неабходнасьці гатовыя правесьці ў будынку цэлую ноч.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: hooker
29.03.2008 20:32

За дзьве гадзіны ў памяшканьне прыйшло шмат людзей, сяброў Саюзу палякаў, пераважна сталага веку

A na zdymku moladz

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
ПАМЕР ШРЫФТУ