Навуковы кіраўнік праекту рэстаўрацыі Нясьвіскага палацава-паркавага ансамбля Сергей Друшчыц расказвае, чаму ў працэсе аднаўленьня запатрабаваліся такія радыкальныя захады:
"Тры гады мы трымалі падпоркі, шукалі варыянты, каб яе захаваць. Але тэхнічны стан такі, што магчымасьці такой мы не знайшлі. Хоць праект быў распрацаваны, але ж дасьледаваньні грунтоў паказалі: пад гэтай галерэяй – два мэтры насыпнога грунту, які ня мае ніякай магчымасьці несьці будынак. Тое, што яна ў аварыйным стане, мы ведалі яшчэ да пачатку распрацоўкі дакумэнтацыі, ёсьць экспэртнае заключэньне. Але намаганьні яе захаваць плёну ня мелі. Таму што былі канструктыўныя хібы ў самім будаўніцтве, гэтая галерэя (здаецца, пры Рыбаньку, захаваліся дакумэнты) ужо адзін раз падала. Таму, зафіксаваўшы ўсе асаблівасьці галерэі, мы прынялі рашэньне: яе аднавіць, але ня ў тым выглядзе, у якім яна нам дасталася ад санаторыя, а раскрыць замураваную першапачатковую галерэю XVII стагодзьдзя. Гэты праект быў разгледжаны на радзе і ўхвалены. Вось такая сумная рэч, але тэхнічных магчымасьцяў сёньня ў нас, на жаль, не было, каб яе захаваць".
Працы ў Нясьвіскім палацы выконваюць два генэральныя падрадчыкі -- «Салігорскпрамбуд» і баранавіцкі «Будаўнічы трэст №25». Ці ня ёсьць падставай сьцьвярджаць: разбурэньне галерэі тлумачыцца перадусім тым, што «рэстаўрацыяй» займаюцца будтрэсты, а не спэцыяльныя рэстаўрацыйныя ўстановы? На гэта спадар Друшчыц адказвае так:
«Чаму? Ёсьць у нас «Мінскрэстаўрацыя», пастаянна працуе там, выконвае спэцыяльныя рэстаўрацыйныя работы. Але ж нават на тых будынках, дзе ўжо завершаныя працы, першым пускавым комплексе – уязная брама, вежа, прыбрамныя карпусы, дзьве галерэі -- аб'ём інжынэрных умацаваньняў складае звыш за 50%. Там мы былі вымушаныя ня толькі падвесьці новыя падмуркі, бо глыбіня фундамэнтаў была ў зоне прамярзаньня. Таму большая палова ад агульнага складу працаў -- якраз інжынэрныя працы па ўмацаваньні. Мы робім вэртыкальную ізаляцыю, гарызантальную; заводзяцца канструкцыі мэтала. Робім ацяпленьне, кандыцыянаваньне, асьвятленьне.»
Выгляд палацу з розьніцай два гады: жнівень-2006 -- з
галерэяй, сакавік-2008 -- ужо без яе
Пасьля руйнаваньня ўсходняй галерэі ўжо ніхто ня можа сьцьвярджаць, што такі ж лёс не напаткае іншыя фрагмэнты палацавага комплексу. Паводле прызнаньня навуковага кіраўніка рэканструкцыі Сяргея Друшчыца, у надзвычай складаным стане знаходзіцца ўсходняя галерэя палаца. Вядзецца ўмацаваньне падмурка і канструкцый у трохпавярховых крылах палаца -- арсэнале і камяніцы. Усюды, як зазначае спадар Друшчыц, цэгла дрэннай якасьці, нясучыя здольнасьці сьцяны страчаныя, паўсюдна ўтвараюцца шчыліны. Але ўся старадаўняя цэгла, запэўнівае суразмоўца, акуратна складзеная і пойдзе падчас адбудовы галерэяў у справу разам з сучаснай.
Як кажа гісторык Уладзімер Дзянісаў, згодна з лёгікай «дрэнных матэрыялаў», трэба разьбіраць увесь палац. Аднак у сьвеце культывуецца іншая практыка захаваньня аб'екту гісторыка-культурнай каштоўнасьці:
«Як сказаў адзін наш вядомы рэстаўратар (ня буду называць ягонае прозьвішча), у нас, на жаль, пры выкананьні работ на помніках – альбо гэта аб'ект другой катэгорыі, альбо звычайная камяніца, альбо нават аб'ект, уключаны ў сьпіс Усясьветнай культурнай спадчыны – няма павагі да старых муроў. І трэба адзначыць, што існуюць у розных краінах самыя розныя мэтодыкі ў захаваньні помнікаў, нават на стале ў мяне ляжыць польскі падручнік, які павінны вывучаць усе студэнты архітэктары-рэстаўратары, інжынэры-рэстаўратары па кансэрвацыі цагляных муроў. Гэтая мэтодыка адпрацаваная і калі ёсьць жаданьне, то выканаць яе ня вельмі цяжка. Але калі няма жаданьня займацца кансэрвацыяй і навуковай рэстаўрацыяй аб'екта, а ёсьць жаданьне зрабіць толькі рэканструкцыю і прыстасаваць да чагосьці іншага, то гэта прымаецца як звыклы наш падыход: зьнесьці помнік амаль да падмурка (ці нават цалкам), і пабудаваць яго копію ці муляж».
Нясьвіж -- адзін са старэйшых гістарычных і культурных цэнтраў Беларусі. Цэнтрам княства стаў яшчэ ў ХІІІ стагодзьдзі. У XVI-мтут разьмясьцілася рэзыдэнцыя магнатаў Радзівілаў, Нясьвіж пачаў імкліва відазьмяняцца, былі ўзьведзеныя манумэнтальныя камяніцы абароннага прызначэньня. Элемэнты готыкі, рэнэсансу, барока, клясыцызму сьведчаць на шматэтапнасьць будаўніцтва. Помнікі архітэктуры ў Нясьвіжы, якія знаходзяцца пад аховай ЮНЭСКА, -- бясцэнны ўнёсак у скарбонку ўсясьветнай культурнай спадчыны. Але ці застанецца комплекс каштоўнасьцю ў выніку рэстаўрацыі па-беларуску – залежыць ад стаўленьня грамадзтва да таго, што адбываецца на бясцэнных мурах.