Культура

Чаму Аляхно не прайшоў у фінал?

23.05.2008 18:47

Паводле вынікаў галасаваньня другога паўфінальнага туру міжнароднага конкурсу “Эўрабачаньне” прадстаўнік Беларусі Руслан Аляхно ня трапіў у фінальны тур.


Падчас тэлемосту зь Бялградам, зладжанага Першым нацыянальным тэлеканалам, сьпявак заявіў, што яму было ня сорамна за ўласны выступ.

Напярэдадні паездкі ў Бялград асобе Руслана аддавалася шмат увагі, а шанцы на посьпех ацэньваліся як вельмі высокія. Гэткім жа настроем была прасякнутая большасьць выказваньняў і падчас тэлемосту зь Бялградам у рамках ток-шоў “Ход у адказ”. Агульная думка зводзілася да таго, што прадстаўніка Беларусі ня здолелі ацаніць належным чынам, і ў фінал прайшлі артысты, якія саступалі Руслану ў клясе.

Сьпевакоў – шмат, а прафэсіяналаў бракуе

Ці ня тым тлумачацца сьціплыя вынікі на “Эўрабачаньні”, што агульны ўзровень беларускай папулярнай песьні у цэлым ніжэйшы за ўзровень 1980-90-х гадоў мінулага стагодзьдзя? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да музыказнаўцы Элеаноры Язерскай.

“Я часта сумую па тым, што цяпер няма мастацкіх радаў. Бо тое, што часта праходзіць у эфір, не вытрымлівае аніякай крытыкі і можа называцца чым заўгодна, толькі ня музыкай. Летась, я лічу, вельмі ўдала выступіў Калдун. Руслан Аляхно – гэта ня Дзьмітры Калдун. Ён яму саступае ва ўсім. Аляхно Руслан мог быць у фінале, нягледзячы на ўсе свае недахопы: гэта залішняя скаванасьць і, вядома, не заўсёды ён трапляў ва ўсе ноты”.

“Іншы кампот...”

Юры Саваш, кампазытар і аранжавальнік, прадусар Ірыны Дарафеевай, не аднойчы рыхтаваў розных выканаўцаў да конкурсаў. Вось на якія пралікі каманды Руслана Аляхно ён зьвярнуў увагу:

“Сам па сабе конкурс “Эўрабачаньня” шмат у якіх краінах ня лічыцца прэстыжным. Таму й робяць яго як сьцёб, адвязнае шоў. А ў нас у адборачным туры такі матэрыял, як правіла, не праходзіць. То бок, ад нас чакаюць абсалютна прафэсійнага выкананьня зь нейкімі вельмі прафэсійнымі аранжаваньнямі. Але ўзровень нашых выканаўцаў дастаткова далёкі ад сярэдняга ўзроўню эўрапейскіх выканаўцаў. Я думаю, што да гэтага фэстывалю падыходзяць з тымі ж меркамі, як, напрыклад, да адборачнага туру “Славянскага базару”. Але ж гэта ўжо зусім іншы кампот”.

“Касіць” у нас ня ўмеюць...”

За чатыры гады, як беларускія выканаўцы імкнуцца заняць прызавое месца на “Эўрабачаньні”, толькі Аляксандра і Канстанцін адзін куплет конкурснай песьні прасьпявалі на беларускай мове. У моўным пытаньні Юры Выдронак, лідэр гурту “Юр'я”, стаіць на катэгарычных пазыцыях:

“Толькі на беларускай мове, выключна! Гэта вельмі мэлядычная мова, больш мэлядычная нават за ангельскую. У нас аранжавальнікі, якія робяць гэтую папсу, рабіць гэтага ня ўмеюць, – гэта ўсё другаякаснае і гэта ўсё канкрэтны “закос” пад MTV. “Касіць” у нас ня ўмеюць. З адной простай прычыны: ніхто зь іх ня езьдзіць за мяжу. Ну як Ціхановіч ці Кіркораў могуць ведаць, як тое рабіць?! Артыст, які выходзіць на сцэну, калі хоць бы ў Польшчы падыме залю, тады ён можа ехаць на “Эўрабачаньне”.

Чацьвёрты год запар беларускія сьпевакі ўдзельнічаюць у конкурсе “Эўрабачаньне”. І толькі летась Дзьмітры Калдун здолеў заняць высокае шостае месца. Сёлета яшчэ падчас нацыянальнага адборачнага туру адна зь ягоных удзельніц, сьпявачка Гюнэш, публічна зьвярнула ўвагу на вакальныя хібы Руслана Аляхно і параіла яму папрацаваць над вакальнай тэхнікай.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-4 (з 4)
Імя:: Baracbit
23.05.2008 22:09

Трэба каб сьпевакі ад Беларусі рабілі нешта зь нацыянальным кантэкстам.


Імя:: Стась
24.05.2008 10:09

Канешне, фэст “Эўрабачаньне” даўно ўжо ёсць конкурсам ня вельмі музычным ... Але я бачыў выступ Аляхно- гэта было нешта жахлівае, не “пападаць“ амаль на тон прафесійнаму сьпеваку недаравальна. Профі павінен гэта рабіць нават у стане комы. Уражаньне ж такое, што хлопец даводзіў усяму сьвету тэзу: расейскае - ёсьць лепшае, бо доклана капіяваў рускіх поп-гопнікаў. Адсюль і вынік. Суседзі нашыя выглядалі куды больш прыстойна, што Украіна, што Польша...


Імя:: Сьцяпан Горад:: Слоним
26.05.2008 16:25

Шчыра кажучы, слаба выступіў, Аляхно. Не параўнаць яго з артыстам з Ізраілю, артысткай з Украіны, армянскай спявачкай і г.д. І, наогул, пара гнаць на пенсію, менавіта гнаць нашых Ярмоленкаў, Раінчыкаў, Ціхановічаў... Надакучыў гэты СССР на беларускай эстрадзе. Новае пакаленне даўно прыйшло, новы час, новыя песьні, а яны гушкаюцца ў сваёй "малінаўцы" сто гадоў... Хутка мы ужо будзем Кабзона пасылаць на Еўропу з песняю Кацюша ці Дзень пабеды...Ачысціце, калі ласка, беларускую эстраду, тады ўсе перамогі будуць нашы.


Імя:: Кошачья рожа
26.05.2008 17:49

Да кому там нужен Алехно.
Евровидение самый не престижный конкурс в Европе. Да и в Европе своих Биланов, Агурбаш, Алехно и прочих Тату хватает. Ну и без политики не обошлось - ну кто захочет поддерживать режим Лукашенко.

Камэнтары 1-4 (з 4)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks