17:00
"У нас зброя адна — розгалас"
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч з жалем канстатаваў, што мэдыі ў Беларусі яшчэ ня сталі “чацьвёртай уладай”:
“У гэтай сытуацыі ў нас зброя адна — розгалас. Натуральна, мы ня можам пабудаваць ім у Слоніме памяшканьне. Але калі ўвесь час гаварыць пра гэта, ёсьць шанец, што мясцовыя ўлады здымуць свае забароны на “Газету Слонімскую”, і так ці інакш гэтае пытаньне будзе вырашана. Ясна, што ў сёньняшняй сытуацыі цяжка казаць пра прэсу як пра “чацьвёртую ўладу”, прынамсі, мы ўсё роўна павінны рабіць тое, што ў нашых сілах, і час ад часу гэта дае плён”.
Галоўны рэактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк распавёў, што на старонках свайго выданьня і на сайце газэты яны зьвярнуліся да чытачоў з просьбай пісаць чыноўнікам лісты пратэсту:
“У журналістаў ёсьць адна зброя — гэта слова, і мы павінны яго выкарыстоўваць, каб грамадзкасьць даведалася пра гэты прыкры выпадак, калі пад выглядам нейкіх гаспадарчых дачыненьняў вырашаецца, і гэта цалкам відавочна, палітычнае пытаньне па зьнішчэньні недзяржаўнай газэты. І мы зьвяртаемся да сваіх чытачоў, каб яны выказвалі пратэст, пісалі лісты”.
Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар “Народнай Волі” выказаў такую думку:
“Вось гэтаму беззаконьню, якое творыцца з боку мясцовых вэртыкальшчыкаў, трэба пакласьці канец і прыцягваць да адказнасьці. Толькі тая акалічнасьць, што яна зьяўляецца прыватнай — яна ж не апазыцыйная, яна распаўсюджвала звычайную інфармацыю для абываталя. Тыя ж мясцовыя ўлады павінны маліцца на такую рэгіянальную газэту. Я, напрыклад, выказваю прэтэнзіі да сваіх калег, што яны яшчэ поўзаюць на каленях перад гэтымі нахабнымі вэртыкальшчыкамі. А тыя, замест таго каб ставіць помнікі такім рэдактарам, як Валадашчук, аддаваць самыя лепшыя памяшканьні, яны яшчэ высяляюць — гэта ўжо звыш усялякага нахабства”.
Якая пазыцыя ў афіцыйнага Саюзу журналістаў што да праблем недзяржаўнай прэсы? Ці павінна быць карпаратыўная салідарнасьць? Намесьнік старшыні Саюзу журналістаў Беларусі Рыгор Сакалоўскі адказвае на гэтае пытаньне:
“Я займаюся дзяржаўнымі выданьнямі, я ня ведаю, як справы ў недзяржаўных. Не было ніводнага выпадку, каб нехта паскардзіўся нам, што дзесьці кагосьці не друкуюць. Нават “Камсамолка” да нас зьвярталася, і мы дапамагалі, хоць яна і ня наша”.
Карэспандэнтка: “А чаму вы падзяляеце на “нашы — ня нашы”?
“Я маю на ўвазе — нашага Саюзу. Плацяць унёскі, ходзяць на сходы...”
РЭДАКЦЫЯ "ГАЗЭТЫ СЛОНІМСКАЙ" (ФОТАРЭПАРТАЖ)
***
16:00
Сходныя праблемы ва ўсіх недзяржаўных выданьняў
У Беларусі на сёньня ацалела толькі 10 грамадзка-палітычных недзяржаўных газэт, наклад якіх складае адну тысячу асобнікаў і больш.
Аналягічныя з “Газетай Слонімскай” праблемы мае і “Бабруйскі кур’ер”. Гаворыць рэдактар газэты Анатоль Санаценка:
“Праблемы ў нас, у недзяржаўных выданьняў, агульныя. Забарона на распаўсюд у кіёсках “Саюздруку”, забарона на падпіску, забарона на разьмяшчэньне рэклямы, інфармацыі. Можна казаць пра інфармацыйную й эканамічную блякаду. Толькі салідарнасьць нас, журналістаў, выдаўцоў можа дапамагчы выстаяць”.
Рэдактар іншага недзяржаўнага выданьня — крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны лічыць журналісцкую салідарнасьць асноўным мэтадам барацьбы за выжываньне:
“Каб выжыць у гэты час, трэба змагацца за людзей, якія хочуць данесьці да людзей свае думкі, і гэта дасьць магчымасьць, каб сродкі масавай інфармацыі выходзілі. Гэта тычыцца й “Газэты Слонімскай”, і нашага “Вольнага гораду”, якому ўлада не дае магчымасьці зарэгістравацца афіцыйна. Улада не дае згоды на юрыдычны адрас. Так ня можа быць, каб ува ўсім Крычаўскім раёне не было для нас памяшканьня. У той жа час для пярвічак “Белай Русі” такіх памяшканьняў шмат”.
***