Палітыка

“Сетка” -- папса ў прапагандзе”

12.06.2008 12:52

Беларускі рэжысэр- дакумэнталіст Юры Хашчавацкі паглядзеў некалькі сэрыяў фільму “Сетка”, які цяпер ідзе па Першым нацыянальным тэлеканале.


Юры Хашчавацкі паведаміў “Свабодзе”, што ён зьбіраецца неўзабаве адкрыць уласную кінашколу і набіраць у яе студэнтаў. Таму ён паглядзеў фільм “Сетка” з жаданьнем зрабіць для будучых вучняў нейкія карысныя высновы, як рабіць ці як не рабіць дакумэнтальнае кіно. Але такіх высноваў мала:
Ствараецца ўражаньне:  ён хітруе, крывадушнічае, адкрыта ў вочы гледачу не зазірае

“Я магу ім сказаць: вось заўважце – вядоўца не глядзіць у кадр, безупынна адводзіць вочы ўбок. Адразу ж ствараецца ўражаньне, што ён хітруе, крывадушнічае, адкрыта ў вочы гледачу не зазірае. Мог бы паказаць інтэрвію, у якім суразмоўцы ў прынцыпе не разумеюць таго, пра што гавораць... Гэта хоўм-відэа хлопцаў, якія яшчэ нічому не навучыліся”.

Што да агульнага зьместу сэрыялу “Сетка”, то спадар Хашчавацкі ацэньвае гэты фільм як непераканаўчы:

“Маё першае ўражаньне, што гэта як зомбі, ведаеце, быццам бяруць мёртвага чалавека і прымушаюць яго рухаць рукамі і нагамі. Гэтак жа ў гэтым фільме. Зьнешне нібыта ўсё ў парадку: маладыя твары, эфэкты, нейкі рытм і музыка, але на самой справе гэта плён мысьленьня нездаровых людзей”.

Спадар Хашчавацкі, сярод іншага, заўважыў, што ў фільме выступала шмат дэпутатаў ад апазыцыі з Украіны:
Гэта як зомбі... бяруць мёртвага чалавека і прымушаюць яго рухаць рукамі і нагамі

“Выглядае, што амэрыканскія фонды зрабілі аранжавую рэвалюцыю, каб гэтыя людзі маглі сядзець і паліваць на сваю ўладу. Вось гэта сапраўды цудоўнае дасягненьне”.

На думку Юрыя Хашчавацкага, гэта адзін з прыкладаў таго, што ў фільме няма лёгікі, што праца зробленая малапрафэсійна:

“Увогуле гэта не кіно, абмяркоўваць як кіно гэта немагчыма, гэта тэлеперадача, зробленая ў кліпавым сучасным рэжыме, туды прыцягнутыя ня самыя складаныя эфэкты: выкадроўкі, узбуйненьні, але так трэба здымаць папсу. Думаю, што гэта і ёсьць папса, прапагандысцкая папса”.

Юры Хашчавацкі зьвяртае ўвагу і на тое, што фільм паказваюць адначасова з трансьляцыямі з эўрапейскага чэмпіянату па футболе. Такім чынам, і час паказу выбраны няўдала, мала хто паглядзіць.

“Людзі з улады такімі перадачамі ў асноўным настройваюць саміх сябе на ўспрыманьне таго, што адбываецца. Гэта фільм, як мне падаецца, для ўнутранай прапаганды, яны хочуць самі сябе пераканаць, што дзейнічаюць правільна. Такі фільм з нармальных людзей ніхто глядзець ня будзе. Падобную праграму могуць глядзець толькі два тыпы людзей: першы – тыя, якія цікавяцца палітыкай і спрабуюць зразумець, што адбываецца. Але на іх гэтая праграма ня можа паўплываць, бо яны даўным-даўно ўсё зразумелі. Другі тып людзей, якія гэта глядзяць, – гэта схаваныя шызафрэнікі, якім цікава, каб іх палохалі, паказвалі нейкія жахі, што вакол адны ворагі і павукі поўзаюць”.
Як вывелі за 15 гадоў катэгорыю абсалютна несумленных маладых людзей


Фільм “Сетка” выклікаў у Юрыя Хашчавацкага і адно сур’ёзнае пытаньне агульнаграмадзкага гучаньня:

“Як вывелі за гэтыя 15 гадоў катэгорыю абсалютна несумленных маладых людзей, якія ўсё гэта робяць, у якім інкубатары іх гадавалі?”

Выкарыстаньне здымкаў спэцслужбаў і незаконна запісаных тэлефонных размоваў, на чым пабудаваная значная частка гэтага фільму, у нармальнай дакумэнталістыцы выключана, -- перакананы Юры Хашчавацкі.

“Яны ня маюць такога права, людзі могуць падаць у суд і выйграць гэты суд, гэта па-за этыкай прафэсіі, гэта тыя самыя рэпрэсіўныя і незаконныя хады, якія выкарыстоўвае наша ўлада ў адносінах да звычайных людзей, якія няспынна сутыкаюцца зь беззаконьнем”.

Юры Хашчавацкі не зьбіраецца глядзець далейшыя сэрыі “Сеткі”, ён кажа, што для яго ў гэтым фільме ўсё ясна. Пагатоў ёсьць цікавая альтэрнатыва – футбольны чэмпіянат Эўропы.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: ВАЛЕРЫ ГРЫЦУК
12.06.2008 15:01

Няма чаго здіўляцца. Дыктатар Лукашэнка даўно сказаў, што яму падабаюцца метады Гітлера. Адпаведна ўлада дыктатара выкарыстоўвае метады Гэбельса, то бок хлусі па-за межамі фантазіі. Чым больш неверагодна -- тым больш праўда.
Але і насельнікі ўсё больш ператвараюцца ў зомбі....

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb