Палітыка

Выбары: і апазыцыя, і ўлада — за міжнароднае назіраньне

01.07.2008 15:17

Ацэначная місія экспэртаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ рэкамэндуе дзяржавам-удзельніцам АБСЭ накіраваць на парлямэнцкія выбары ў Беларусь паўнавартасную назіральную місію. Пра гэта “Свабодзе” стала вядома з крыніцаў у Бюро.

Ацэначная місія лічыць: на выбары ў Беларусь трэба накіраваць 40 доўгатэрміновых і 300 кароткатэрміновых назіральнікаў, а таксама каманду экспэртаў. Такая рэкамэндацыя стала вынікам візыту ў Беларусь 9—12 чэрвеня ацэначнай місіі Бюро. Тады, перад ад’ездам зь Менску, экспэрты абяцалі паведаміць пра сваё рашэньне праз два-тры тыдні.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сустракаўся з удзельнікамі ацэначнай місіі ў Менску. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, што супрацоўнікі Бюро прымалі рашэньне толькі пасьля таго, як на ўласныя вочы пабачылі падрыхтоўку да выбараў:

“Яны самі паглядзелі, самі сустракаліся зь людзьмі, самі прынялі рашэньне. Значыць, гэта рашэньне адказнае. І гэта добра.

Другое — мы таксама выступаем за міжнароднае назіраньне. Бо мы за тое, каб выбары былі дэмакратычнымі, а не каб мы неяк дамаўляліся з уладай. Таму я лічу, што гэта добрае рашэньне. І яно дапаможа нам у рэалізацыі гэтай кампаніі”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік кажа: працаваць зь міжнароднымі назіральнікамі для ЦВК — гэта ўжо не навіна:

“Для дзейнасьці міжнародных назіральнікаў у Рэспубліцы Беларусь створаны ўсе ўмовы. Мы ніякім чынам не абмяжоўваем свабоду іх выбару аб’ектаў для назіраньня. Яны могуць быць і ў выбарчых камісіях усіх роўняў, на ўчастках для выбараў, вывучаць, як спрыяе арганізацыі выбараў мясцовая адміністрацыя, як працуюць палітычныя партыі і канкрэтныя кандыдаты ў дэпутаты”.

Знаўца выбарчых кампаніяў Сяргей Альфер дае сваё тлумачэньне, чаму прыезд міжнародных назіральнікаў можна ацэньваць як пазытыўную справу:

“Прыедуць людзі, якія назіралі за правядзеньнем выбараў у розных краінах сьвету. Такіх, якія прыяжджаюць першы раз, мала, паколькі гэта пэўная абойма людзей, якія маюць досьвед назіраньня за выбарамі, у тым ліку ў краінах, дзе выбары праводзяцца недэмакратычна.

Вельмі важна, каб назіраньне вялося ад пачатку выбарчай кампаніі, таму што калі назіраеш у апошні дзень, дык можна прапусьціць вялікую колькасьць момантаў. А менавіта яны сьведчаць — дэмакратычна ці не праходзіла кампанія. У нас, прыкладам, сытуацыя такая, што не пасьпела АГП вылучыць свайго прадстаўніка ў склад ЦВК, як яго пасадзілі на 7 сутак. Гэта проста адзін са званочкаў, якія сьведчаць пра тое, што выбарчая кампанія пачалася ў паліцэйскім рэжыме, а не ў рэжыме адкрытасьці. І гэта ўсё будзе запісана назіральнікамі”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: Мiкола Турынскiй
01.07.2008 22:51

Ну i то гэтым мiжнародным назiральнiам дадуць убачыць.Я быу назiральнiкам у 2006 годзе.Быу i мiжнародны назiральнiк на тры камicii.Прыедзе, трохi пасядзiць i едзе у другую камiсiю.Нi мяне, нi яго на падлiк галасоу не дапусцiлi.Яму далi пратакол падлiку галасоу,а мне не.Я папрасiу цераз перакладчыка каб ён мне дау перапiсаць лiчбы.Ён мне не дау.I у камiсii ня далi,сказалi заутра дадуць.I на заутра тое самае.Так што калi ня зменiцца выбарчае заканадауства, нiчога ня зменiцца.Няужо ня бачаць усе,што ён узяу сабе такую уладу як рымскiй Нерон.Той за сябе паставiу iмператарам свайго каня,а наш можа паставiць свае хакейныя канькi з клюшкай i будзе 92 адсодкi.

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks