Грамадзтва

Сьвята 3 ліпеня: плюсы і мінусы пампэзнасьці

03.07.2008 14:38

Афіцыйная Беларусь стварыла новы стыль адзначэньня дзяржаўных сьвятаў, які ў вялікай ступені падобны да савецкіх сьвяткаваньняў, але адзначаецца большай пампэзнасьцю.

Маштабы адзначэньня дзяржаўных сьвятаў у Беларусі з году ў год шырацца. Калі раней буйныя ваенныя парады ды шэсьці вэтэранаў ладзіліся на юбілейныя даты, а ў неюбілейныя гады ўсё выглядала нашмат сьціплей, то цяпер тэхніка, вайсковыя злучэньні і фізкультурнікі праходзяць перад трыбунамі з найвышэйшым кіраўніцтвам краіны штогод. Падаецца, што паступова адыходзіць на задні плян сама дата, да якой прывязваецца тая ці іншая імпрэза, мяркуе аналітык Вадзім Казначэеў.
 
Ён кажа, што ў сучаснай Беларусі мэтанакіравана ўзнаўляецца тое, што засталося ў спадчыну ад Савецкага Саюзу. Парады вайсковай тэхнікі і фізкультурна-спартовыя шэсьці пад пільным позіркам моцных гэтага сьвету, масавы прагляд салютаваньняў і далейшае хаатычнае адзначэньне на прыродзе — усё гэта ад старэйшага пакаленьня цяпер перадаецца моладзі. Робіцца гэта, на думку экспэрта, у карыкатурным выглядзе:
 
“Пачынаючы ад трактаваньня самой даты, якая зьяўляецца, пэўна, урачыстай, бо гэта дзень вызваленьня сталіцы. Але гэта ніяк ня ёсьць Дзень незалежнасьці ў зьвязку з тым, што гэта было ўведзена валявым рашэньнем, а ня тое, што засталося ў спадчыну. Адпаведным чынам усё гэта і сьвяткуецца.
 
Напэўна, тут усё ж у меншай ступені праява комплексу непаўнавартасьці ўлады, які праяўляецца часьцяком, але, відаць, у дадзеным выпадку ня самы яскравы прыклад. Гэта хутчэй працяг вось гэтай лініі, якая праводзіцца пасьлядоўна на аднаўленьне Савецкага Саюзу ў адной, асобна ўзятай Беларусі. Робіцца гэта, як правіла, у карыкатурным выглядзе. І гэта таксама адна з праяваў. Тое ж самае, пачынаючы са сьцягу, гербу, гімну, “лініі Сталіна” і г.д.”
 
Палітоляг Аляксандар Фядута лічыць, што ў пампэзнасьці, зь якой адзначаецца Дзень незалежнасьці, ёсьць і станоўчы бок. Прынамсі, падкрэсьленае акцэнтаваньне на незалежнасьці беларусаў ад зьнешняга ўплыву здымае балючае пытаньне наконт формаў гіпатэтычнай інтэграцыі ў іншыя дзяржаўныя альянсы:
 
“Я ня бачу нічога дрэннага ў пампэзным адзначэньні галоўнага сьвята краіны, якім павінен зьяўляцца Дзень незалежнасьці. Незалежнасьць у нас усталявалася ня так даўно, і кожны год, калі ўлада вось так пампэзна адзначае гэтае сьвята, яна тым самым умацоўвае ў галовах тых людзей, якія яшчэ мелі нейкі сумнеў наконт таго — будзе Саюз зноў, ня будзе Саюзу... Дык вось, ніякіх саюзаў ня будзе, будзе незалежная краіна”.
 
Франтавік, народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў лічыць, што людзі фізіялягічна маюць патрэбу ў масавых гуляньнях — занадта цяжка зараз даецца мірнае жыцьцё. Таму, як часта гэта было ў гісторыі, людзі з аднолькавым імпэтам патрабуюць і хлеба, і відовішчаў:
 
“Усе пачалі бразгаць зброяй — і на Далёкім Усходзе, і на Блізкім Усходзе. Паказваюць танкі, якія лазяць, скачуць. А як іншым? Што ж, беларусам усё жыцьцё быць нікім? Хто яго ведае. Я не палітык, каб ведаць увесь гэты бок, але мне падаецца, што калі так склалася, то, можа, няхай і будзе. Відавочна, людзям патрэбны нейкія аддушыны.
 
Я бачу, што сьвята — як успамін, як памяць, як надзея, што ніколі не паўторыцца той жах, які быў. Але больш думаю не пра тое, што цяпер сьвята, а пра тое, што бывае пасьля сьвяткаваньня. Якое ўвогуле павінна быць стаўленьне да ўсясьветных працэсаў, што рабіць, каб палепшыць жыцьцё людзей”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-3 (з 3)
Імя:: Мітрук Горад:: Мінск
03.07.2008 15:05

А мне сьвята панаравілась, асобенна "Вальс цьвятоў" з балета Чайкоўскага у выкананні інвалідаў- калясачнікаў. Божа, якое гэта шчасце быць інвалідам у незалежнай Беларусі! Спасіба, Бацька, спасіба за шчасьлівую жызнь! Так дзяржаць!


Імя:: Мікола Горад:: Літва
04.07.2008 06:05

Беларуская “Свабода” ганебна правалілася з інфармацыяй па выбуху ў Менску. Першай была WWW.TYT.BY , расейская рэдакцыя “Свобода”. Па першай інфармацыі і відэо зьвяртае ўвагу абсалютная непадрыхтаванасьць арганізатараў
начнога фэсту і КДБ РБ, МУС РБ да такіх падзей, а таксама „гераічныя“ паводзіны
кіраўніка РБ (маглі і яго падарваці падчас агляду месца двух выбухаў хоць ён ужо даўно папярэджаны крыніцамі з-за мяжы аб паляваньні бамбістаў на яго ў Менску).
Спачуцьцё ахвярам тэрарыстаў і ганьба КДБ РБ.


Імя:: Вася Горад:: Брест
04.07.2008 07:52

А почему День освобождения не празднуют 28 июля,когда освободили Брест?На 3.07.1944 ещё половина Беларуси была оккупирована.

Камэнтары 1-3 (з 3)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks