Палітыка

У Бабруйску ізноў судзяць былога настаўніка А.Чыгіра

25.07.2008 13:41

Сёньня Бабруйскі раённы суд аднаўляе разгляд адміністрацыйнай справы супраць палітыка, прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты палаты прадстаўнікоў Алеся Чыгіра. Яго вінавацяць у дробным хуліганстве й непадпарадкаваньні міліцыі.


Алеся Чыгіра затрымалі напярэдадні візыту ў Бабруйск Аляксандра Лукашэнкі, які 31 траўня адкрыў у горадзе Лядовы палац.

30 траўня адміністрацыйную справу супраць Алеся Чыгіра адправілі на дасьледаваньне, а самога яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду. Міліцыянты, якія затрымалі палітыка й меліся выступаць як сьведкі, у суд не зьявіліся. Да суду Алеся Чыгіра дванаццаць гадзінаў трымалі ў ізалятары.

Палітыка затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі. У матэрыялах справы, перададзеных у суд, імя таксіста не фігуруе.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 0 (з 0)
Няма камэнтароў. Дадайце свой і будзьце першы
Камэнтары 0 (з 0)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks