Грамадзтва

Кожны пяты школьнік вучыцца па-беларуску

25.08.2008 16:44

Праз тыдзень пачнецца новы навучальны год. Колькі першаклясьнікаў сёлета пойдзе ў беларускія клясы? І ўвогуле, колькі дзяцей маюць магчымасьць навучацца ў Беларусі на роднай мове?

На думку старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі, стан беларускамоўнага навучаньня даўно выклікае трывогу. 15 гадоў таму, у 1993—94 навучальным годзе 76% першаклясьнікаў пайшло ў беларускамоўныя школы і клясы. Цяпер гэты паказьнік апусьціўся ніжэй за 18%:

“У Менску колькасьць беларускамоўных навучальных установаў нібыта і расьце: мы ведаем такія ўстановы, як чацьвёртая, чатырнаццатая, дзявятая гімназіі. У гэтым годзе поўнасьцю будзе пераведзена на беларускую мову навучаньне ў 23-й гімназіі (12 клясы ўжо ня будзе, яна там была рускамоўная). Сёлета абвясьцілі, што 2-я сярэдняя школа будзе пераведзеная ў беларускамоўную гімназію, ёсьць 60-я сярэдняя школа. Але я ня ўпэўнены, што расьце колькасьць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску”.

Паводле інфармацыі старшыні ТБШ Алеся Лозкі, усяго на беларускай мове вучыцца 20,9% школьнікаў. Нават гэтую статыстыку, аднак, Міністэрства адукацыі чамусьці хавае: на афіцыйным сайце Міністэрства апошняя інфармацыя — за 2005—2006 навучальны год. Без дазволу міністра і ягоных намесьнікаў галоўны інспэктар Мінадукацыі Зоя Падліпская, якая курыруе беларускамоўную адукацыю, сьвежую інфармацыю Радыё Свабода не паведаміла:

“Калі ласка, тэлефануйце нашаму кіраўніцтву — альбо Казіміру Сьцяпанавічу Фарыно, альбо Аляксандру Міхайлавічу Радзькову, і тады са згоды кіраўніцтва мы можам пагаварыць”.

Але міністар і ягоныя намесьнікі, натуральна, вельмі занятыя, і іх дазволу атрымаць не ўдалося.

Што да бальшыні сталічных беларускамоўных гімназій, яны без праблем набіраюць першаклясьнікаў, кажа дырэктарка гімназіі № 23 Ніна Нікіціна:

“У нашу гімназію звычайна ідзе набор на пачатку лета, і звычайна за тыдзень мы дзетак набіраем, што адбылося і гэтым летам”.

Карэспандэнтка: “А колькі дзетак пойдзе ў першыя клясы?”

“У адну клясу — 22, у другую — 19, а максымальная напаўняльнасьць — 20. Так што, дзякуй Богу, у беларускамоўную пачатковую школу дзеці ідуць”.

Сёлета ў краіне зачынілася 91 школа, у асноўным у сельскай мясцовасьці. У сваёй бальшыні зачыненыя школы былі беларускамоўнымі. Алесь Лозка гэтай сытуацыяй заклапочаны:

“Пытаньне ў тым, што дзецям, якія навучаліся па-беларуску, не забясьпечваецца магчымасьць працягваць навучаньне на гэтай мове. Такім чынам колькасьць беларускамоўных дзяцей памяншаецца”.

Да таго ж у новым навучальным годзе, у сувязі зь пераходам на 11-годку, скарачаецца колькасьць гадзінаў беларускай мовы і літаратуры. Было па дзьве, стане па адной гадзіне на тыдзень. Да таго ж летась выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах было пераведзена зь беларускай мовы на расейскую. І Таварыства беларускай мовы, і Таварыства беларускай школы спрабавалі адстаяць выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі на роднай мове. Гаворыць Алесь Лозка:

“Нічога іншага пакуль ні міністэрствам, ні ў прэсе нідзе не абвяшчалася. Хаця лічыцца, што гэтыя пытаньні могуць вырашаць самі адукацыйныя ўстановы — на якой мове выкладаць”.

Сёлета тэсты па беларускай мове здавалі каля 72 тысяч выпускнікоў (а беларускамоўныя клясы скончыла менш за 20 тысяч). І тэсты па-беларуску яны здалі лепш, чым па-расейску: 42% абітурыентаў тэсты па расейкай мове фактычна завалілі (набралі менш за 20%), а па беларускай мове толькі 26% набралі менш за гэтую ніжнюю мяжу...
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-8 (з 8)
Імя:: БР
25.08.2008 17:37

Географию Белоруссии и до этого нормальные учителя всегда по-русски преподавали в восточных областях.


Імя:: Mikola Горад:: Litva
25.08.2008 18:10

Гэта генацыд беларусаў ў Беларусі,
расейцы ў Расею вас чакае там чэкіст мачыла і кожнаму па танку нарыхтавана ездзіць на Каўказ,


Імя:: cl
25.08.2008 19:09

2 БаРан
добрыя настаўнiкi ўвогуле выкладаюць не па падручнiках... ну я з усходу, ну i... адказваў па беларуску, як амаль што ўсе, нiякiх пытанняў на конт таго, што, маўляў, не зразумела, цi нешта такое не было, гэта усiм здавалася цалкам натуральна... а ў выпадку з гiсторыяй, дык гэта i ўявiць на рускай мове было дзiка...


Імя:: Севярын-Глеб Горад:: Бярозаўка
25.08.2008 19:23

Толькі нямецкі шавініст лічыў бы нармальным выкладаньне па-нямецку ў школах Францыі, Англіі ці Гішпаніі.


Імя:: Максім Горад:: Мінск
25.08.2008 19:54

Шчыра кажучы, я сам скончыў беларускую школу і вельмі шкадую аь гэтым. Амаль нікому навучэнне на беларускай мове не патрэбна, таму і няма попыту на беларускамоўнае навучанне.


Імя:: Damavik
25.08.2008 21:27

2Maksim
Хто на што вучыўся. Мая беларускамоўная школа дала мне толькі плюсы. Наконт, амаль нікому, дык дайце сцылко на даследаванне, толькі языком часаць бы і свае няўдачы накіроўваеце на "амаль нікому не трэба". Асабліва тым цяжка. у каго дзеці па-руску хужэй разумеюць чым па-расейску. Трэба весці скажам з уручча на якуба коласа ў гімназію. Каму такое спадабаецца?


Імя:: Жур-фак
25.08.2008 22:19

Максіму. Памёр Максім- ну і...чорт яго ня возьме.


Імя:: Viktoria
15.09.2008 09:40

Я скончыла рускамоўную гімназію, але дзякуй Богу, і геаграфію Беларусі, і гісторыю Беларусі у нас выкладалі па-беларуску! А як інакш?? Хутка, можа, дойдуць ужо да таго, што беларускую літаратуру будуць па-руску абмяркоўваць і выключна ў перакладах чытаць... Сумна, і вельмі крыўдна за Радзіму.

Камэнтары 1-8 (з 8)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb