Палітыка

Э.Лукас: "Я хацеў бы бачыць ціск, які б стрымліваў Расею"

27.08.2008 15:39

Расейска-грузінскі канфлікт выліўся ў новую эру канфрантацыі Ўсходу і Захаду. Ці сапраўды пачалася новая халодная вайна?

Над гэтым пытаньнем разважае ў інтэрвію Радыё Свабода вядомы брытанскі палітоляг Эдвард Лукас – аўтар кнігі “Новая халодная вайна: Як Крэмль пагражае Расеі, і Захаду”.

Радыё Свабода: “Вы напісалі, што Захад прапусьціў надыход новай халоднай вайны. Ці сапраўды, з вашага гледзішча, нарэшце настаў той момант, калі Захад зразумеў, што халодная вайна пачалася?

Эдвард Лукас: “Цяжка сказаць, ці сапраўды гэта момант, калі Захад прачнуўся. Мы ўжо шмат разоў прачыналіся, і я адчуваю, што такіх момантаў мы яшчэ шмат будзем мець у будучыні. Праблема ў тым, што вялікія эўрапейскія краіны сапраўды ня хочуць разгойдваць лодку. Ня думаю, што Італія, Нямеччына, Францыя, Гішпанія, Нідэрлянды гатовыя радыкальна перагледзець свае стасункі з Расеяй. Ёсьць супольнасьць буйнога капіталу, якая багацее ад зьдзелак з Расеяй, моцна інтэграваныя і запасы энэргіі. Мне было цікава, што нямецкі канцлер Ангела Мэркель выправілася на гэтым тыдні ў Прыбалтыку, але не заявіла, да прыкладу, што Нямеччына зьбіраецца перагледзець з дамову з Расеяй аб Паўночным Патоку – газаправодзе праз Балтыйскае мора. Я сказаў бы так: Захад больш ня сьпіць глыбокім сном, але яшчэ не зусім і прачнуўся”.

Радыё Свабода: “Чаму, з вашага гледзішча, Захад так марудна прачынаўся?”

Эдвард Лукас: “Бо займаўся сваімі справамі. А тым часам мы сёлета мелі расейскія ракетныя ўдары па грузінскіх тэрыторыях, мы мелі справакаваны расейцамі бунт у Таліне ў зьвязку зь пераносам бронзавага салдата, мы ўжо мелі расейскія кібэр-атакі, мы мелі мюнхэнскую прамову Пуціна ў 2007 годзе, калі расейскі прэзыдэнт абвінаваціў Захад у спробах распачаць новую халодную вайну, мелі мы і дактрыну зьнешняй палітыкі Расеі, паводле якой яна выкарыстоўвае энэргію як зброю. Няма апраўданьня людзям, якія ня ведалі гэтага. Ёсьць невялікае падабенства з тымі, якія казалі, што 1968 год разбудзіў людзей, і яны зразумелі, што ёсьць СССР насамрэч. Расплюшчце вочы! Ад 1918 году, было зразумела, што такое Савецкі Саюз, і ня трэба было ўварваньня ў Чэхаславаччыну, каб прачнуцца. З Расеяй Пуціна таксама ўсё было зразумела ўжо ад канца 1990-х гадоў, калі вяртала моц старое КДБ, што хаўрус афэрыстаў кіруе Расеяй. І чаму толькі цяпер у 2008 годзе людзі пачынаюць цьмяна адчуваць, што азначае насамрэч чэкісцкі рэжым у Крамлі?”

Радыё Свабода: “Ці не вяртаемся мы да эры барацьбы інтарэсаў?”

Эдвард Лукас: “Я спадзяюся, што мы вяртаемся да нэа-стрымліваньня. Я хацеў бы бачыць ціск, які стрымліваў бы Расею. Я хачу бачыць дэмакратыю ў Расеі. І я думаю, што расейскія людзі заслугоўваюць большага, чым карумпаваную, некампэтэнтную, брутальную ўладу, якую яны маюць. Мы можам ісьці ў гэтым кірунку. Першае, што трэба зрабіць, гэта абараніць тых людзей, якія вераць у тое, у што мы верым. Гэта – грузіны, якіх мы падвялі. Гэта – украінцы, і гэта перадусім прыбалты, якія зьяўляюцца сябрамі Эўразьвязу і НАТО, а ў нас нідзе ў балтыйскіх краінах няма ніводнага салдата НАТО з базавых сілаў. Мы маем адну эскадрыльлю самалётаў-зьнішчальнікаў, і гэта ўся прысутнасьць НАТО ў Прыбалтыцы, а гэтага зусім недастаткова”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Aleh Горад:: Berastse
27.08.2008 19:27

Захаду (Эўропе) напляваць на Грузію. Дзеля энэрганосьбітаў, якія яны атрымліваюць з Расіі, здадуць і Грузію, і Ўкраіну, і Беларусь. Больш жорстка можа сябе паводзіцт толькі ЗША.


Імя:: Раман Горад:: Магілёў
16.09.2008 22:44

Наступае момант ісьціны! Ісьціны сапраўднага аблічча Расеі-імпэрыі, які упарта хаваўся перад Захадам за шырмай "демократіі". Рэваншысцкія імпэрскія рэжымы (ці то Нямеччына 30-х, ці то Расея сёньняшняя) малаверагодна каб адступалі ад сваіх плянаў пад узьдзеяньнем крытыкі ці голасу сумленьня. Ня тая прырода. Яны мусяць лічыцца толькі зь сілай большай за яе.Лепей каб гэтая сіла (стрымліваньня) была ужыта не чакаючы калі імпэрскі монстр у сваім рэваншысцкім вар'яцтве пралье мора чалавечай крыві.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb