Палітыка

Ці прызнае выбары апазыцыя?

29.08.2008 17:22

Акруговыя камісіі зарэгістравалі 276 кандыдатаў у дэпутаты з 365 прэтэндэнтаў. 5 кандыдатаў самі зьнялі свае кандыдатуры, сярод іх тры дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

На наступным тыдні Цэнтравыбаркам разгледзіць скаргі на нерэгістрацыю кандыдатаў. Дэмакратычная апазыцыя вырашыць 21 верасьня, ці будзе яна здымаць сваіх кандыдатаў з выбараў. Аднак ужо цяпер яе прадстаўнікі заяўляюць, што выбары ня ёсьць дэмакратычнымі. 

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што агучаныя лічбы пакуль не канчатковыя, бо ў Цэнтравыбаркам паступаюць скаргі на нерэгістрацыю кандыдатаў:

“Цэнтравыбаркам атрымае магчымасьць праявіць сваю пільнасьць альбо ляяльнасьць на наступным тыдні, калі пачне разглядаць заявы. Мы найперш будзем справядлівыя, а па-другое, будзем дзейнічаць адпаведна закону”.

Параўнальна зь мінулымі парлямэнцкімі выбарамі, у тры разы зьменшылася партыйнае прадстаўніцтва. Спадарыня Ярмошына заявіла, што найбольш пацярпелі пры рэгістрацыі Партыя БНФ і ПКБ, дзе з выбараў зьнятыя па пяць чалавек. Адносна адмовы ў рэгістрацыі лідэрам Партыі БНФ Вінцуку Вячорку і Віктару Івашкевічу яна сказала: 

“Я яшчэ ня ведаю, чаму адмовілі ў рэгістрацыі Вячорку і Івашкевічу
“Я яшчэ ня ведаю, чаму адмовілі ў рэгістрацыі Вячорку і Івашкевічу. Учора толькі акруговыя камісіі засядалі, у мяне асабіста ніхто не кансультаваўся па гэтым пытаньні, сытуацыю не дакладаў. Калі яны паскардзяцца ў Цэнтральную камісію, то мы будзем патрабаваць дакумэнты, усё разглядаць і прымаць рашэньні па сутнасьці”.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што сярод кандыдатаў вялікая колькасьць адвакатаў і судзьдзяў. Раней на выбарах дамінавалі сьледчыя.

Аб’яднаныя дэмсілы таксама падвялі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Старшыня ПКБ Сяргей Калякін заявіў:

“На мой погляд, не было татальнага перадузятага падыходу да кандыдатаў з адзінага сьпісу АДС. 77 кандыдатаў з 98 зарэгістравана і 21 не зарэгістраваны”.

Сёньня прэзыдыюм зацьвердзіў праект дакумэнту, які будзе вынесены на пашыранае паседжаньне Палітрады ў нядзелю. 

Улада будзе спрабаваць фальшаваць
выбары
“У гэтым дакумэнце мы прынялі рашэньне, што мы не прызнаем выбараў, іх вынікаў, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам, празрыстасьці, роўнасьці, і яны несправядлівыя, гэтыя выбары. І незалежна ад таго, будзем мы ў іх браць удзел ці не — толькі адзін факт, што ў камісіі татальна не былі ўключаны прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, сьведчыць, што ўлада будзе спрабаваць фальшаваць выбары. І мы будзем прымаць прапановы для ўлады, у іх яшчэ ёсьць магчымасьць вярнуцца да фармаваньня складу камісій. Другое, мы лічым, што ўлада можа адчыніць дзьверы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі”.

Паводле спадара Калякіна, ва ўладаў яшчэ ёсьць магчымасьць выправіць становішча. А 21 верасьня аб’яднаныя дэмсілы вырашаць, ці пойдуць яны да канца альбо спыняць удзел у выбарах.

Мікола Статкевіч паведаміў, што са сьпісу Эўрапейскай кааліцыі зарэгістраваныя толькі 22 кандыдаты. А 28 кандыдатаў засталіся па-за выбарамі. Прычым з 12 кандыдатаў з блёку прадпрымальнікаў зарэгістраваныя толькі чацьвёра. Спадар Статкевіч кажа пра “неверагодны, беспрэцэдэнтны ціск з боку КДБ”:

Амаль не засталося кандыдатаў у тых рэгіёнах, дзе вялікі рэйтынг эўрапейскай інтэграцыі
“Сяржук Коваль зь Ліды перад паседжаньнем камісіі забраў свае дакумэнты пасьля таго, як яго запрасілі ў Лідзкі КДБ. Там яму патлумачылі: калі ён ня здымецца, то яго ўнітарнае прадпрыемства будзе зачынена. Прычыны нерэгістрацыі — альбо подпісы, альбо вельмі дзіўныя прэтэнзіі па дэклярацыях. Амаль не засталося кандыдатаў у тых рэгіёнах, дзе вялікі рэйтынг эўрапейскай інтэграцыі. Улада напалохалася нашай плятформы. Другое, мы бачым, што многа новых людзей нам удалося прыцягнуць у кампанію, і баяцца ўжо гэтых людзей”.

Эўрапейская кааліцыя вылучыла тры патрабаваньні да ўладаў: вызваленьне палітвязьняў, скасаваньне альбо жорсткая рэглямэнтацыя папярэдняга галасаваньня і допуск назіральнікаў да падліку галасоў. Калі яны ня будуць задаволеныя, то кааліцыя здыме сваіх кандыдатаў.

“Тры ўмовы ёсьць, калі яны ня будуць выкананыя, мы спынім удзел у кампаніі. Выбараў няма — гэта вынікае з нашага пачатковага аналізу. І ён выявіўся праўдзівым”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Сеый Горад:: Гродно
30.08.2008 00:04

Господин Калякин, открой глаза! Все фагльсификации ещеь впереди.


Імя:: Севярын-Глеб Горад:: Бярозаўка
30.08.2008 08:55

Ці прызнае выбары апазыцыя? Няўжо не разумееце, што ўжо даўно прызнала - адным сваім удзелам, вылучэньнем, рэгістрацыяй. А што пасьля "элегентнай пабеды" улады зь лікам 110:0 будуць заявы пра фальсіфікацыі - то гэта ня нова, кожны раз адныя песьні. І хто іх стане слухаць? Гора пераможаным, сьвет прызнае толькі грубую сілу. А пайсьці шляхам маральнага супраціву, няўдзелу ў подласьці - гэтага няма разуменьня. Байкот нават прыхільнікі байкота разумеюць часта як няўдзел у ярмошынскім "галасаваньні", а гэта надта вузка і спрошчана. Не на праўду аглядаюцца многія нашы "лідэры апазыцыі", а на тактычныя выдуманыя схемы, фінансаваньне і да таго падобнае...

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb