Культура

Жыцьцё і сьмерць мітаў -- новая “Атлянтыда”

03.09.2008 14:35

У чацьвер 4 верасьня на хвалях Радыё Свабода адбудзецца прэм’ера новага цыклю “Беларускай Атлянтыды”. Аўтар і вядучы праграмы Вячаслаў Ракіцкі расказвае.


У гэтым цыкле я запрашаю беларускіх інтэлектуалаў да размовы пра беларускую міталёгію нашага часу.

У 21-е стагодзьдзе, у новую гістарычную рэалію сувэрэннай краіны, беларусы ўвайшлі з ношай усьведамленьняў стагодзьдзя мінулага, гістарычнай рэаліі калянізаванай і камуністычнай Беларусі. Многія паняцьці, ідэі набылі характар міталягемаў і ідэалягемаў. Яны надоўга замацаваліся ў сьвядомасьці людзей, вызначалі і вызначаюць іх сьветабачаньне, псыхалёгію, дзеяньні як прыватнага, так і грамадзкага, нават палітычнага характару.

Калі, зь якіх гістарычных рэаліяў нараджаліся міты? Як яны функцыянавалі і выкарыстоўваліся працяглы час? Станоўча ці адмоўна ўплывалі на хаду гісторыі нацыі? Пры якіх умовах яны могуць загінуць, і хто можа стаць іх магільшчыкамі? А ў захаваньні якіх мітаў усё ж існуе гістарычная мэтазгоднасьць?

Правінцыя, Тутэйшыя, Народ, Крыўе, Балты, Зямля, Душа, Партызан, Каліноўскі, КДБ, БССР, Сталін, Вільня, Буржуй, Запаведнік -- такія міталягемы і ідэалягемы першымі патрапілі ў сьпіс беларускай міталёгіі 20 і 21 стагодзьдзяў.
 
Вось толькі адзін прыклад – Вільня. Яна -- рэальны горад, з багатай беларускай гісторыяй, колішняя культурная сталіца беларусаў. Сёньня – гэта сталіца Літвы, краіны Эўрапейскага Зьвязу. Але ў сьвядомасьці беларусаў Вільня працягвае жыць як прыгожы міт. Чаму? Якія імпульсы культурнаму жыцьцю дае міт пра Вільню? А мо ён замінае разьвіцьцю сёньняшняй беларускай сталіцы – Менску?

Правінцыя, Тутэйшыя, Народ, Крыўе, Балты, Зямля, Душа, Партызан, Каліноўскі, КДБ, БССР, Сталін, Вільня, Буржуй, Запаведнік -- такія міталягемы і ідэалягемы першымі патрапілі ў наш сьпіс беларускай міталёгіі 20 і 21 стагодзьдзяў.

У новым цыкле “Беларускай Атлянтыды” вы пачуецеся з многімі сталымі ўдзельнікамі праграмы – філёзафамі Валянцінам Акудовічам і Тацянай Процькай, гісторыкамі Захарам Шыбекам і Алегам Трусавым, мастацтвазнаўцам Сяргеем Харэўскім. Пасьля амаль двухгадовага перапынку да ўдзелу ў перадачы вяртаюцца этнакультуроляг Тацяна Валодзіна і філёзаф Алесь Анціпенка. Будуць і новыя госьці праграмы. Ужо ў верасьні вас чакае сустрэча з этнакультуролягам Аляксеем Дзермантам. Спадзяюся на супрацоўніцтва і зь іншымі знанымі беларускамі інтэлектуаламі.

А пачынаем мы размову пра жыцьцё і сьмерць мітаў зь літаратуразнаўцам Пятром Васючэнкам перадачай “Утопія Беларусь”.


 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-10 (з 10)
Імя:: Ганна Горад:: Менск
03.09.2008 18:11

Зрабіце праграму пра БНФ. Бо гэта таксама ўжо міт.


Імя:: Віктар Горад:: Полацак
03.09.2008 18:12

А Пазьняк -- таксама міт?


Імя:: Ракіцкі Горад:: Прага
03.09.2008 19:41

Дзякуй, Ганна, за прапанову. БНФ -- гэта, з майго гледзішча, рэальная палітычная сіла. І, хоць дзейнічае БНФ з гледзішча колькасьці гадоў ня так шмат, але яе здабыткі такія важкія, што сапраўды ў грамадзкіх усьведамленьнях супярэчліва разьвіванай краіны, асабліва новых пакаленьняў, набыла міталягічнае адценьне. Буду думаць, магчыма, і сапраўды ўжо варта гаварыць і пра рэальны, і міталягічны БНФ.


Імя:: Ракіцкі Прага
03.09.2008 19:51

Спадар Віктар! Пазьняк -- ня міт, а рэальная асоба, якая, хай і з-за мяжы, але рэальна ўплывае на палітычнае і грамадзкае жыцьцё сучаснай Беларусі. Гэта -- асоба для беларускай найноўшай гісторыі легендарная. Але паміж легендай і мітам істотная розьніца.


Імя:: Yuro
04.09.2008 10:11

"Песняры"?


Імя:: Ракіцкі Горад:: Прага
04.09.2008 12:57

Згодны, і "Песьняры".


Імя:: Віталь
04.09.2008 13:00

"Менск" таксама міт, які так і застанецца нязбыўнаю мараю. Час ужо ўсьвядоміць рэаліі, а не ствараць міты. Ва ўсім сьвеце ведаюць, што сталіца Беларусі - ня МЕНСК, а МІНСК. Кіньце гэтую гульню. Гэта - сапраўдны міт.


Імя:: Ракіцкі Горад:: Прага
04.09.2008 14:05

Дзякуй, Віталь, за прапанову. Падставы для Вашага меркаваньня, безумоўна, ёсьць.


Імя:: Паўлава Горад:: Гародня
04.09.2008 17:15

А не хацелі б вы, паважаныя, запрасіць Алеся Чобата. Упэўнена, ён зможа распавесьці Вам праўду. Толькі другое пытаньне, ці хочаце вы гэтую праўду?


Імя:: Jarasłau Горад:: Olsztyn
24.09.2008 09:59

Darahi Viaczasłau! Pamiataj a Padlaszszy... Pazdraulaju :)

Камэнтары 1-10 (з 10)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb