Блогі / Віталь Цыганкоў

Дайце мне лёзунг, і я стану прэзыдэнтам

31.01.2008 14:13

Калі, паводле сацыялягічных апытаньняў, лёзунг “Бі каго-небудзь (патрэбнае ўставіць), ратуй Беларусь” набудзе найбольшы працэнт папулярнасьці, ці азначае гэта, што менавіта яго варта ўзяць на ўзбраеньне?


Чаго не хапае для перамогі дэмакратыі ў Беларусі? Правільнага папулярнага ўсеагульнага лёзунгу! — кажуць “мудрыя аналітыкі”, якія з упартасьцю насарога даводзяць нам, што апазыцыя павінна перахапіць у Аляксандра Лукашэнкі ініцыятыву і ўздымаць пераважна сацыяльныя праблемы, найбольш папулярныя сярод насельніцтва. Толькі гэта прынясе перамогу дэмакратыі, якая, паводле паўлегендарнага выказваньня Пятра Краўчанкі на мітынгу ў канцы 80-х, “непазьбежная, як сьмерць”.

Выглядае, сапраўды, зусім нескладана — папрасіць сацыёлягаў апытаць людзей, вызначыць самыя гарачыя праблемы, якія непакояць большасьць, уздымаць іх, прапаноўваць шляхі іхняга вырашэньня — і тады ў насельніцтва расплюшчацца вочы, і яно прагаласуе за апазыцыю.

Таму, калі апазыцыя прапануе палітычныя кампаніі і лёзунгі, якія не закранаюць сацыяльна-страўнікавай праблематыкі — адразу гучаць галасы крытыкаў, якія кажуць: “не, гэтая ідэя не знаходзіць падтрымкі ў большасьці, так што зь ёю не пераможаш”. Ня першы раз такія “заглушкі” ставяцца на шляху ідэі аб эўрапейскім выбары Беларусі. З таго часу, калі на апошнім кангрэсе дэмакратычных сілаў Мікола Статкевіч выступіў за стратэгію праэўрапейскага выбару, аналітыкі некалькі разоў ужо пасьпелі адзначыць, што сёньня інтэграцыю ў Эўразьвяз большасьць насельніцтва не падтрымлівае. Сапраўды, як сьведчаць верасьнёўскія дадзеныя НІСЭПД, адказ на пытаньне “Ці павінна Беларусь стаць сябрам Эўразьвязу?” дасягнуў свайго гістарычнага мінімуму — 29,9 працэнтаў. Дарэчы, яшчэ ў 2003 годзе за гэта было каля 60 працэнтаў. 
Дайце мне гэтую чароўную фармулёўку, і я адразу стану прэзыдэнтам, а яе аўтара зраблю міністрам інфармацыі і ўзнагароджу ордэнам Скарыны.


І вось, кажуць разумныя і паважаныя крытыкі, куды падзець тыя 34 працэнты, якія выступаюць за інтэграцыю з Расеяй, і тых, астатніх, якія выступаюць “супраць усяго” і палітычную плятформу якіх можна коратка выказаць лёзунгам “ды пайшлі вы ўсе”? Не, ня будзем імкнуцца ў Эўразьвяз, кажуць “мудрыя аналітыкі” — і прапануюць апазыцыі выбіраць тыя праблемы, якія хвалююць большасьць і будуць падтрыманыя большасьцю.

У сувязі з гэтым у мяне ўзьнікае дзіцячае пытаньне. Калі вы такія разумныя, прапануйце хоць які палітычны лёзунг, які будзе падтрыманы большасьцю беларускага насельніцтва. Назавіце той палітычны дэвіз, які запаліць вочы ў беларускага электарату, прымусіць выйсьці на вуліцы калгасьнікаў, настаўніц і біржавых брокераў. Дайце мне гэтую чароўную фармулёўку, і я адразу стану прэзыдэнтам, а яе аўтара зраблю міністрам інфармацыі і ўзнагароджу ордэнам Скарыны.

Адзіны лёзунг, якія можа спадабацца ўсім, магчыма, гучыць прыблізна так: “Вы за добрае, шчасьлівае, багатае жыцьцё?” Але і тут стопрацэнтнай падтрымкі мы не дачакаемся: 10 працэнтаў прынцыпова адкажуць “ня ведаю”, 30 працэнтаў — “а ў чым прыкол?”, 20 працэнтаў — тое самае “а пайшлі бы вы...”

Да таго ж, калі кажуць пра папулярныя і пераможныя лёзунгі, мяне цягне ўдакладніць — “любы лёзунг?” То бок калі, паводле сацыялягічных апытаньняў, лёзунг “Бі таго або таго (патрэбнае ўставіць), ратуй Беларусь” набудзе найбольшы працэнт папулярнасьці, ці азначае гэта, што менавіта яго варта ўзяць на ўзбраеньне? Я, вядома ж, утрырую (гэта ўвогуле мой любімы занятак), але ж вось канкрэтная сытуацыя: паводле сацыёлягаў, сёньня наша насельніцтва найбольш непакоіць рост цэнаў. Які лёзунг варта ўзьняць, як Данка сваё сэрца, з гэтай нагоды? “Далоў рост цэнаў!” “Спынім рост цэнаў!” “Не дамо інфляцыі перавысіць 10 працэнтаў!” “Раманчука — у прэм'ер-міністры!” — ? Усе (акрамя апошняга) малапрывабныя, да таго ж усе гэтыя лёзунгі і так ужо асядланыя ўладай (зноў-такі акрамя апошняга, хоць і тут я не стаў бы заракацца :). А вось тэму ўступленьня ў Эўразьвяз гэтая ўлада наўрад ці здолее асядлаць без істотных электаральных стратаў. Гэта вечная праблема — ці трэба стаць Драконам, каб забіць Дракона, і не хацелася б соты раз яе разьвіваць. Я проста імкнуся паказаць, што вера ў магічны лёзунг, які спадабаецца ўсім, гэта як пошук папараць-кветкі — занятак рамантычны (асабліва калі дзеля яго запрашаюць на канфэрэнцыі і плацяць грошы), але малавыніковы. 
Вера ў магічны лёзунг, які спадабаецца ўсім, гэта як пошук папараць-кветкі — занятак рамантычны, але малавыніковы. 

Возьмем дастаткова абстрактную для нашых рэаліяў сытуацыю. У нейкай эўрапейскай краіне (Нарвэгіі, Швэйцарыі) адбываецца рэфэрэндум у пытаньні далучэньня да Эўразьвязу. І вось 55 працэнтаў прагаласавалі супраць. Адразу ж тыя палітычныя сілы, якія выступалі за эўраінтэграцыю, чухаюць патыліцу, слухаюць “мудрых аналітыкаў” і кажуць — “каб перамагчы, трэба далучыцца да большасьці”. І робяць гэта, утвараюць кааліцыю разам зь пераможцамі (праціўнікамі эўраінтэграцыі) і ўваходзяць зь імі ва ўрад. Узьнікае некалькі (на гэты раз зусім не абстрактных) пытаньняў: 1. Хто цяпер выказвае інтарэсы тых 45 працэнтаў, якія галасавалі за Эўразьвяз? 2. Што скажуць гэтыя людзі пра тых палітыкаў, якія перайшлі на бок большасьці? 3. Ці вы прагаласавалі б за такіх палітыкаў?

На гэты конт мы маем два вельмі сьвежыя і вельмі блізкія прыклады ў нашых суседзяў. У Расеі Саюз правых сілаў (СПС), адчуваючы свой электаральны крызыс, “пайшоў у народ”, а дакладней — у супэрмаркеты, дзе наладзіў мітынг супраць росту цэнаў. Але карціна Барыса Нямцова і Марыі Гайдар, якія абураюцца коштам бутэлькі алею, відаць, настолькі не пераканала расейскіх выбарцаў, што многія зь іх, магчыма, падумалі, што глядзяць перадачу “Городок” — у выніку СПС атрымаў свой 1 працэнт.

Супрацьлеглы прыклад. У Польшчы ў 2005 годзе браты Качыньскія выйгралі, дзякуючы, сярод іншага, лёзунгам недаверу да Эўропы, а свайго галоўнага апанэнта Дональда Туска абвінавачвалі ў пранямецкім курсе і імкненьні “падпарадкаваць Польшчу Брусэлю”. Палякам, аднак, хапіла ўсяго двух гадоў “сувэрэннай дэмакратыі” Качыньскіх, цягам якіх браты пасварыліся з усімі суседзямі, — і на парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2007 году Дональд Туск трыюмфальна перамог (пры рэкордных лічбах удзелу ў выбарах), ніяк не мяняючы сваіх прынцыповых падыходаў.

Таму мой “сакрэт” значна прасьцейшы і разам з тым складанейшы — заставацца сабой, верыць ва ўласныя каштоўнасьці, даводзіць іх да людзей, пераконваць іх і рабіць усё, каб цябе паверылі. Уступаючы “на тэрыторыю” майго калегі Кастуся Бандарука, працытую Біблію — “і апошнія стануць першымі”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Radykal
31.01.2008 16:06

"у выніку СПС атрымаў свой 1 працэнт" А Лукашэнка, значыцца, сапраўды атрымаў 83%? Журналістыка, якая нават не ўдае на тое, што шукае об'ектыўнага вобразу сьвету - гэта журналістыка? У якіх такіх выбарах прапануе выйграваць аўтар? У амэрыканскіх primaries? Што тычыцца няіснага (як хоча нам давесьці сп. Цыганкоў) пранямецкага і прарасейскага курсу Туска, дык нагадаю два факты: урад Туска прапанаваў Расеі будаваць расейска-нямецкі газаправод, абмінаючы Беларусь і Украіну; урад Туска скасаваў пляны пабудовы музэю гісторыі польскага насельніцтва на панямецкіх тэрыторыях.


Імя:: Валеры Грыцук
31.01.2008 16:54

Я маю дасканалы лёзунг, і я стану прэзыдэнтам. Чаго не хапае для перамогі дэмакратыі ў Беларусі? Вольнай інфармацыі. Дайце мне 30-40 хвілін прамога этэру на 1-м канале ТБ і , я пераканаю грамадзян у выгаднасьці Дэмакратыі. АД 1995, ад другіх выбараў Ельціна. я абсалютна перакананы, што на 90% (95%) вырашае прапаганда , PR, са скрыні ТБ. У 21 ст. УСЁ вырашаюць інфармацыйныя тэхналёгіі!!!


Імя:: Валеры Грыцук
31.01.2008 17:40

Паважаны сп.Віталь . вы не маеце рацыі адносна Польші.Усё значна складаней, але то асобная гутарка. Глядзіце мой блог. Артыкул."Россія.Польша..." http://blogs.mail.ru/mail/vigb/ КАчынскія прайгралі найперш таму, што палякі, як і беларусы хочуць "стабільнасьці" - СПАКОЮ! Вось гэта і ёсьць адін з трох кампанентаў лёзунгу. Нашае грамадзтва НЕ хоча думаць і абзяжарана комплексамі празмернага страху і сацыяльнага гультайства.


Імя:: Цыганкоў
01.02.2008 12:34

2 Radykal А колькі,па-вашаму, атрымаў СПС? 1 працэнт яму давалі і сацыёлягі, залежныя і незалежныя. Пра Туска я нічога вам не "даводзіў" - вы і так, здаецца, "даведзены" і без мяне:) Я сказаў толькі, што яго "абвінавачвалі ў пранямецкім курсе". Ніякага свайго стаўленьня да Туска я не выказваў -- канстатаваў, што ён застаўся сабой і перамог.


Імя:: Radykal
01.02.2008 17:05

вы і так, здаецца, "даведзены" і без мяне Пазнаю высокія профэсыйныя стандарты й тонкі, ґустоўны гумар комсомольскіх сьценґазэт.


Імя:: Валеры Грыцук
01.02.2008 18:19

Для "Radykal".1.Трэба быць радыкалам у дзеяньнях, а не на словах, бо гэта па-бабску. 2.Я маю шмат прэтэнзіяў да рэдакцыі, але р.Свабода - гэта найлепшае, што ёсьць. 3.У сувязі з, тым, што Дзікавіцкі рэальна скончыў сваю працу на радыё Свабода, то выбары у сейм, выбарчая кампанія, не была растлумачана на хвалях р.Свабоды. Усё ведаць не магчыма. Цыганкова ведаю ад "Звязды" адкуль яго Наркевіч "папрасіў" за антылукашэнкаўскія і антыкамуністычныя (камсамолькія -- адпаведна)артыкулы. А таму вашыя папрокі НЕ да Цыганкова.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks