Палітыка

Выбары: ужо існуе сьпіс апазыцыйных кандыдатаў

31.01.2008 16:06

Аляксандар Лукашэнка яшчэ не падпісаў указ аб правядзеньні чарговых выбараў у Палату прадстаўнікоў, але старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ўжо назвала папярэдне вызначаную дату выбараў – 28 верасьня. Апазыцыя ня раз заяўляла, што на гэтых выбарах выставіць адзіны сьпіс кандыдатаў ва ўсіх акругах.


Сустаршыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька згадвае: падрыхтоўка да выбараў пачалася адразу пасьля заканчэньня Кангрэсу дэмсілаў. Тады вызначыліся, што патрэбныя адзіны сьпіс і адзінае пасланьне да выбаршчыкаў. Пад гэтым рашэньнем падпісаліся 8 суб'ектаў дэмакратычнай кааліцыі. Астатнія заяўлялі альбо пра байкот выбараў, альбо пра тое, што рашэньне трэба прыняць увесну 2008 году:

“На сёньняшні дзень мы маем наступную сытуацыю — 63 ці 64 акругі, дзе кандыдаты ўжо ўзгодненыя. На бліжэйшым пашыраным паседжаньні Палітрады (гэта будзе 9 лютага) сьпіс будзе легітымізаваны, за яго прагаласуюць. У ім будзе 63—64 прозьвішчы, а хутчэй за ўсё і больш, паколькі зараз ідуць інтэнсіўныя перамовы”.

Анатоль Лябедзька кажа, што апошнім часам цікавасьць да агульнага сьпісу зьявілася ў структураў і асобаў, якія раней ігнаравалі гэтую справу:

“Яны таксама пачалі казаць, што ў іх ёсьць моцныя кандыдаты. Гэта, з аднаго боку, станоўчы фактар. Але з другога, ёсьць пэўная небясьпека, што будзе зроблена спроба з нуля пачынаць працу над сьпісамі. Ня пойдуць на гэта асноўныя палітычныя структуры. Мы можам казаць толькі пра невялічкую карэкціроўку, калі насамрэч ёсьць выбітная асоба, вельмі канкурэнтаздольны кандыдат”.

“А можна назваць у якасьці прыкладу гэтыя структуры ці асобы?”

“Вось раптам зьявіўся Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар “Руху “За свабоду” ў Віцебскай вобласьці, і прыносіць альтэрнатыўны сьпіс”.

Намесьнік старшыні незарэгістраванага “Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка цьвердзіць, што гэтае аб'яднаньне застаецца на ранейшых пазыцыях:

“Рух “За Свабоду” прыняў сваё рашэньне. І ён яго не мяняў. Мы ня будзем удзельнічаць у фармаваньні адзінага сьпісу.

Але мы лічым вельмі важным, каб гэты сьпіс быў. І я ведаю пра дзейнасьць спадара Жаляпава. Ён настойліва прапануе ўсім палітычным суб'ектам скласьці адзіны сьпіс, а не фармуе свой уласны.

Тут ёсьць вялікая розьніца. І калі на агульнае паседжаньне, дзе фармуецца сьпіс, не запрашаецца частка суб'ектаў, прыкладам, прадстаўнікі партыі Статкевіча, — гэта непаўнавартасны сьпіс. Мы лічым, што гэта няправільна. І прапануем перадусім сустаршыням Палітрады АДС быць больш адказнымі.

З майго пункту гледжаньня, сустаршыні пакуль не знайшлі магчымасьці далучыць да гэтага працэсу тыя партыі, якія ім не патрэбныя былі на Кангрэсе. Сустаршыні цяпер пачынаюць крычаць, што нешта тут ня тое. Але гэта і ёсьць плён іхнай працы”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-5 (з 5)
Імя:: Вячорка
31.01.2008 21:16

Статкевіча запрашалі. Адмаўляўся прыходзіць.


Імя:: Валеры Грыцук
31.01.2008 21:18

Мне вельмі шкада, што Жаляпаў займаецца такой негатыўнай дзейнасьцю. Адносна Мікалая Статкевіча. Я магу даказаць! Факты сведчаць, што спадар Статкевіч УВЕСЬ ЧАС займаецца правакацыйнай дзейнасьцьцю. Вось так на гэта і трэба глядзець! Я 10 гадоў прапаноўваю":: кандыдаты павінны паказаць сябе дапамогай грамадзянам праз пастаянныя грамадзянскія ініцыятывы, напрыклад КГС.ШТО зрабілі для грамадзян людзі Статкевіча ( і сам ён) для насельніцтва ?


Імя:: юрась
01.02.2008 01:05

2 Валеры Грыцук Факты ў студыю, брахло...


Імя:: Юрась
01.02.2008 01:13

Правакуе, правакуе... Не дае цішком "аб'яднаным" канцылярскім пацукам грантамі сілкавацца... Вось мярзотнік, АДС Луку ледзь не на руках носіць, а ён балота разварушвае. А што будзе, калі Статкевіч разам з партнёрамі па ЭК (Малады Фронт, БХД і г.д.) раптам нейкую акцыю збайкатуе? Пабачыце, колькі за кім народу...


Імя:: Максiм
01.02.2008 14:44

2 Юрась: Лепш няхай Статкевiч акцыi не байкатуе, а арганiзоувае цi удзельнiчае у iншых разам з усiмi - такiм чынам трэба паказваць, колькi за табой народу. А калi байкаватаць - дык гэта, на самой справе, i есць правакацыя!

Камэнтары 1-5 (з 5)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks