Праграмы / Начная Свабода

Л.Баршчэўскі адзначыў 50-годзьдзе ўнікальным слоўнікам

04.03.2008 22:07

Сёньня ўвечары ў Менску ў сядзібе БНФ Лявон Баршчэўскі прэзэнтаваў укладзены ім 28-моўны беларуска-лацінска-эўрапейскі слоўнік.


Гэтае ўнікальнае ў гісторыі сусьветнае лінгвістыкі выданьне знаны перакладчык, пэдагог і палітык падарыў ня толькі ўсім зацікаўленым у перакладах зь беларускае, але і сам сабе на сваё пяцідзесяцігодзьдзе, якое ён і сьвяткаваў сёньня.

Юбіляр падрыхтаваў для прысутных адмысловы тэст. Ён чытаў на ўсіх мовах, укладзеных у слоўніку, тэкст першага артыкулу Дэклярацыі правоў чалавека і прасіў назваць, якая гэта мова.

Лаціну прысутныя пазналі. Не памыліліся з ангельскай, нямецкай, француcкай, гішпанскай мовамі. Але нават баўгарскую зблыталі з чэскай, ня кажучы ўжо пра дацкую, нарвэскую ці мальтыйскую.

Складальнік кажа, што задаволены – попыт на ягоны слоўнік будзе.

Прэзэнтаваны сёньня варыянт слоўніка прызначаны для замежных карыстальнікаў, але днямі выйдзе ягонае другое выданьне, адмыслова адаптаванае для беларусаў.

Ідэя стварэньня беларуска-эўрапейскага слоўніка ў спадара Баршчэўскага нарадзілася ў 2004 годзе падчас наведваньня адной з кнігарняў Прагі.

“Да болю было крыўдна, што там на паліцах стаяў нават чэска-суахілі слоўнік, я не кажу ўжо пра чэска-партугальскі ці чэска-кітайскі і ўсякія іншыя. А чэска-беларускага слоўніка там не было”.

Тады Лявон Баршчэўскі і задумаў свой, напачатку 23-моўны. У працэсе працы ён дадаў яшчэ пяць моваў. Такога слоўніка, па словах стваральніка, яшчэ ў сьвеце не было.

Значэньне гэтае працы спадара Баршчэўскага цяжка пераацаніць. Кансультант выданьня па лацінскай частцы Алесь Жлутка:

“Упершыню ў Эўропе выйшаў слоўнік, які ахоплівае як малавядомыя мовы, так і такія, як нямецкая ці ангельская – цэнтральныя мовы Эўразьвязу”.

Адзін з выдаўцоў слоўніка літаратар Уладзімер Сіўчыкаў лічыць, што гэтая ўнікальная праца разьлічаная на дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі.

“Я думаю, што вы ўсе здагадваецеся, што ў кантэксьце маюцца на ўвазе ня толькі мовы, калі гаворыцца пра багаты эўрапейскі сьвет. Тут маецца на ўвазе і Эўразьвяз, а гэта тое аб’яднаньне, у якім рана ці позна, мы ўсе тут упэўненыя, Беларусь апынецца”.

А стваральнік слоўніка тым часам працягваў экзамэнаваць прысутных. Гэтым разам на веданьне ірляндзкай.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-7 (з 7)
Імя:: c-богдан
05.03.2008 00:43

унікальнае сапраўды выданьне, але мне цяжка сабе ўявіць для чаго яно можа прыдацца? калі хто захоча на мальце ці нават у гішпаніі вучыць беларускую, дык прасьцей яму ўзяць нармальны беларуска-нямецкі ці ангельскі слоўнік, якія ўжо выдадзеныя. бо яны і большыя і куды больш зручныя.

сп. Лявон, краем трэба было б зрабіць добрыя француска- і гішпанска-беларускі, а не майстраваць такія дзівосы на 28 мовах бяз мэтавай аўдыторыі і зь мінімальным практычным прымяненьнем. ну прыкольная кніжка атрымалася, але з Вашымі то ведамі варта было б заняцца зусім іншай справай. Зрабіце лепей які адзін двухмоўны слоўнік, хоць і невялікі, хоць тысячаў на 5!


Імя:: Дуглас Горад:: Минск
05.03.2008 08:14

А тем временем БНФ деградировал ниже плинтуса. Пишите слоуники, дзядзька Лявон! Яны так патрэбныя дзеля дэмакратыи. Ржу не могу.


Імя:: Л.Баршчэўскі Горад:: Мінск
05.03.2008 16:08

Выдадзеных ані беларуска-нямецкага, ані беларуска-ангельскага слоўніка, акрамя колішняга даўно распрададзенага слоўніка Ушкевіча--Зазулін (ЗША, 1991) няма.


Імя:: Владимир Горад:: Минск
05.03.2008 17:52

Дуглас, окстись...Чем же деградировал БНФ? Может тем, что его лидеры образованные и интеллигентные люди? Выпускают словники, пишут книги? Что хлопцы и девчата из "Молодого фронта" за вас и Беларусь преследуются, сидят за кратами, исключаются из ВУЗов?... А где же вы, дорогой? Может в кагорте провославного атеиста?.. Или в его ментуре бессовестной?.. Или обычная хвароба беларуса: каб мяне не чапалі?...


Імя:: c-богдан
05.03.2008 22:29

Лявон Пятровіч, выбачаюся, уначы пераставіў месцамі і няправільна напісаў назвы. я меў на ўвазе слоўнік ангельска-беларускі, што Шупа выдаў, і нямецка-беларускі слоўнік Міколы Кур'янкі.
Ведаю, што раіць лягчэй чым рабіць, але маючы гонар быць з Вамі знаёмым, я Вас заўсёды бачыў і бачу менавіта ў такой іпастасі.


Імя:: L.Barsceuski Горад:: Мінск
05.03.2008 23:57

Дзякуй, я ўсё, што магу, сапраўды раблю! На жаль, суткі маюць 24 гадзіны -- і ня больш! Хай пакажуць сябе, хто робіць больш за мяне... Мне пара паміраць -- я разумею... Але гультаёў і дэмагогаў ніколі ў жыцьці ня буду паважаць, пра што б яны там ні выслаўляліся!!! Зрабіце больш за мяне -- і Вас пачну паважаць...


Імя:: Аляксандр Горад:: Калінкавічы
07.03.2008 23:22

Гэта ўсё надта добра, але дзе яго (слоўнік) можна будзе знайсці й набыць? Я вось хачу свайго сына, як і мяне колісь мая бабуля, навучыць нашай мове, пакуль ён не пайшоў у дзіцячы садок, ды не магу знайсці слушнага альфабэта беларускага ды буквара. Мушу сам прыдумляць. А ў маёй бабулі было 3 клясы адукацыі... Нажаль не хватала мозгу занатоўваць за ёй...

Камэнтары 1-7 (з 7)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb