Грамадзтва

Амэрыканскіх дыпляматаў не пускаюць да Зэльцэра

16.04.2008 15:34

Днямі амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр пераведзены са сьледчага ізалятару КДБ Беларусі ў Дзяржаўную службу судова-мэдычнай экспэртызы.



Эмануілу Зэльцэру прызначылі комплексную “псыхіятрычную экспэртызу”, якая можа зацягнуцца на месяц. Цяпер амэрыканскі грамадзянін знаходзіцца ў аддзеле для асобаў пад строгім наглядам. Доступ прадстаўнікоў Амбасады ЗША да Эмануіла Зэльцэра забаронены.

14 красавіка Дзярждэпартамэнт ЗША запатрабаваў ад беларускіх уладаў консульскага доступу да Эмануіла Зэльцэра. У заяве, у прыватнасьці, гаворыцца: нягледзячы на шэраг запытаў, прадстаўнікам амбасады ЗША ў Менску дазволілі сустрэцца са зьняволеным толькі аднойчы — 27 сакавіка. Пры гэтым амэрыканскі бок выказаў заклапочанасьць станам здароўя свайго грамадзяніна, якому патрабуецца адмысловае лекаваньне.
Мы ня мелі да яго доступу ад 27 сакавіка

Аднак, як паведамілі Радыё Свабода сёньня ў прэсавай службе амбасады ЗША ў Менску, рэакцыі на заяву зь беларускага боку пасьля шэрагу запытаў няма дагэтуль:

“Сапраўды, нічога новага мы не атрымалі. Як і раней, амбасада працягвае шукаць шляхі доступу да спадара Зэльцэра. Як ужо адзначаў у сваёй заяве Дзярждэпартамэнт, мы ня мелі да яго доступу ад 27 сакавіка. Калі якія-небудзь навіны зьявяцца, мы абавязкова паведамім”.

Карэспандэнт: “То бок усе запыты пасьля 27 сакавіка застаюцца непачутымі і незаўважанымі?”

“Так, іх проста не заўважаюць. Колькі было запытаў — я вам не магу сказаць, але яны робяцца час ад часу. Аднак да гэтай пары мы нічога не атрымалі. Мяркуем, што хутка нейкія навіны ў гэтым сэнсе зьявяцца, мабыць, да канца гэтага тыдня. І мы пра гэта паведамім”.

У сілавых структурах спасылаюцца на аб'ектыўную неабходнасьць абмяжоўваць доступ да любой інфармацыі, якая тычыцца справы Эмануіла Зэльцэра і затрыманай разам зь ім сакратаркі Ўладлены Функ.

Нагадаю, што Зэльцэр і ягоная памочніца былі затрыманыя 12 сакавіка на менскім лётнішчы. Іх зьвінавацілі ў выкарыстаньні “падробленых дакумэнтаў”.

Але сваякі Зэльцэра неаднаразова заяўлялі: за арыштам адваката можа стаяць расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, які такім чынам нібыта дапамагае ўдаве грузынскага бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, які памёр у Лёндане, апратэставаць праз суд яго тастамэнт. Згодна з тастамэнтам, які падпісаў адвакат Патаркацышвілі Эмануіл Зэльцэр, спадчыну мае падзяліць паміж сваякамі зводны брат нябожчыка Джозэф Кей. На пачатку красавіка ўдава Патаркацышвілі падала на Кея і Зэльцэра ў суд, зьвінаваціўшы абодвух у выкарыстаньні падробленых дакумэнтаў, у прыватнасьці — даверанасьці і тастамэнту.

Паводле некаторых крыніцаў, у Менск Эмануіла Зэльцэра накіраваў Барыс Беразоўскі, каб упарадкаваць справы з акцыямі аднаго з нафтаперапрацоўчых заводаў, якія нібыта Бадры Патаркацышвілі набыў у Беларусі. На абодвух беларускіх НПЗ — у Мазыры і Наваполацку — усялякую сувязь зь Беразоўскім ды нябожчыкам Патаркацышвілі катэгарычна адмаўляюць.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-2 (з 2)
Імя:: Валентин
16.04.2008 16:54

Там разберутся.


Імя:: Korj Горад:: Менск
16.04.2008 19:26

Спадарове! Не трэба да вырашэньня гэтае бруднае справы выкарыстоўваць некарэктныя фармулёўкi. Спадар Зэльцар у пачатку году ўжо прайграў адзiн працэс у ЗША, судом было адзначана, што на дакумэнтах, якiя ён прадставiў суду, подпiсы абодвух бакоў падробленыя. Падкрэсьлiваю - АБОДВУХ БАКОЎ - т.б. хто акрамя яго мог гэта зрабiць?..
Нiякiм "адвакатам Патаркацышвілі" ён нават сам сябе нiколi не абвяшчаў, ён заяўляе, што ў яго нiбыта ёсьць тэстамэнт Патаркацышвiлi, складзены падчас нiбыта адзiнай iхняе сустрэчы ў Нью-Ёрку, аднак адмаўляецца яго каму б нiбыло паказваць, толькi дасылае праз факс, што, згадзiцеся, яшчэ больш падазрона.
Таму амбасадары, безумоўна, клапоцяцца пра свайго грамадзянiна, але ў ЗША яго хутчэй за ўсё чакае сьледства ды суд, таму нятрэба зь яго рабiць загадзе анi чорта, анi анёла. Выкарыстоўвайце карэктныя фармулёўкi.

Камэнтары 1-2 (з 2)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb