Праграмы / Начная Свабода

Чарговая рэформа беларускай школы

16.05.2008 22:13

Першы набор школьнікаў па 12-гадовай сыстэме сярэдняй адукацыі так і не давучыцца да канца.


Падрыхтаваны праект дэкрэта прэзыдэнта аб адмене сыстэмы 12-гадовай адукацыі. Чакаецца, што канчатковае рашэньне будзе абвешчана на нарадзе спэцыяльнай камісіі з дырэктарамі школ 26 траўня. Як да чарговай рэформы ставяцца чыноўнікі, настаўнікі, самі школьнікі?

Галоўны аргумэнт супраць 12 гадоў навучаньня – лішнія затраты дзяржавы на адукацыю. Але за апошнія 10 гадоў колькасьць школьнікаў скарацілася на 45 тысяч, на чвэрць паменшылася колькасьць школ, істотна скарацілася і колькасьць настаўнікаў. Пры гэтым выдаткі на адукацыю павялічыліся на 15-25%, сказаў старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры Ўладзімер Здановіч, і канкрэтнымі лічбамі аспрэчыў эканамічны аргумэнт.

Дэпутатаў непакоіць пасьпешнасьць і спантаннасьць рэформы

Яшчэ адзін аргумэнт – што дванаццацігодка дыскрэдытавала сябе – таксама не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо пакуль няма нават першага выпуску. Уладзімер Здановіч:

“Мяне заўсёды бянтэжыць і непакоіць, як адбываецца пераход ад адной сыстэмы да другой – пасьпешна вельмі. Вось так уводзілі сыстэму адзнак дзесяцібальную. Давайце хутчэй, хутчэй, а потым пачалі блытацца, неразьбярыха. І зараз, калі вось так спантанна, як фізык кажу – спантанна – пераход з 12 год на 11, то гэта выкліча, канечне, шмат памылак. А ў выніку з-за гэтых памылак потым ня вельмі ёмка будуць адчуваць сабе і тыя, хто прапанаваў такі хуткі пераход, будзе вельмі дрэнна і вучням нашым, і бацькам, і настаўнікам”.

Настаўнікі – у разгубленасьці

Уладзімер Здановіч лічыць, што адукацыя – вельмі далікатная сфэра, каб наскокам вырашаць праблемы, якія ўзьнікаюць. Зусім нядаўна завершаная праца над новымі падручнікамі па 12-гадовай сыстэме адукацыі, настаўнікі больш-менш вызначыліся ў разьмеркаваньні нагрузкі. Настаўніца адной са сталічных школ:

“У нас проста рукі апускаюцца, мы ня ведаем, як нам далей працаваць. Мы ў шоку. Але мы, настаўнікі, яшчэ куды ні ішло. Я кажу пра бацькоў, пра дзяцей, у наступным годзе недавучаных на адзін год, і як ім паступаць? Людзі проста ў такім трансе, у такой разгубленасьці. Мы пакуль яшчэ дакладна нічога ня ведаем. Дырэктар школы ідзе 26 траўня на нараду. Але я стаўлю сябе на месца гэтых дзяцей і іх бацькоў – і мне проста дрэнна”.

Школьнікі прапануюць павялічыць колькасьць месцаў у ВНУ

У наступным годзе будзе два выпускі – школьнікаў, якія вучацца па 11-гадовай сыстэме (дарэчы, апошні выпуск), і тых, хто павінен першым скончыць 12-годку, але так і не пасьпее. Што думаюць самі школьнікі? Гутару з падлеткамі 9 – 10 клясаў, якія аказаліся надзвычай дасьведчанымі пра зьмены, якія іх чакаюць, і нават уносілі свае прапановы:

Аляксей: “Я лічу, што гэта ня вельмі спрыяльна для мяне. У наступным годзе я і дзеці, якія павінны былі скончыць школу на год пазьней, будуць заканчваць разам са мной. Будзе вельмі цяжка паступіць”.

Карэспандэнтка: “Ты ведаеш пра рэформу адукацыі?”

Антон: “Канечне, ведаю. Мне, напрыклад, гэта больш падабаецца, бо калі была б 12-годка, я б школу скончыў у 18 гадоў, і адразу ў войска. Гэта мне ня вельмі падабаецца. Лепш скончыць школу ў 17 гадоў”.

Карэспандэнтка: “А тое, што давядзецца праграму трох гадоў засвойваць за два гады, не засмучае цябе?”

Антон: “Ня вельмі”.

Мікіта: “Я лічу, што чарговая рэформа – маразм, і перад тым, як нешта рабіць, трэба спачатку думаць. Спачатку зрабілі 12-годку, потым 11-годку. Калі яны памыліліся, прапаную выйсьце з гэтага становішча: зрабіць у два разы больш месцаў для паступленьня ў ВНУ”.

Паводле праекту зьменаў, за адзін год 9-ці і 10-клясьнікам давядзецца прайсьці праграму двух гадоў. Пры гэтым, па суботах заняткаў ня будзе, а будуць факультатывы. Навучальны год будзе падоўжаны да 20 чэрвеня. Усе школы будуць вучыцца па адных базавых плянах і праграмах, ніякіх клясаў з паглыбленым вывучэньнем асобных прадметаў ня будзе. Старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, навуцы культуры Ўладзімер Здановіч перакананы:

“Сёньняшнім дзесяціклясьнікам, а таксама дзявятым клясам трэба было б даць магчымасьць у спакойнай атмасфэры скончыць навучаньне па 12-гадовым плянам, а за гэты час удумліва абмеркаваць усе праблемы, якія ўжо зараз бачны, і паступова перайсьці на тую сыстэму школьнай адукацыі, якая задаволіла б нас усіх. Прынамсі, дагэтуль і я ня ведаю, як будуць працаваць настаўнікі і вучні 9-10 клясаў у наступным навучальным годзе. Таму што нельга – я лічу, як настаўнік, як чалавек, ужо дасьведчаны ў гэтай сфэры, – нельга за 2-3 месяцы падрыхтавацца да зусім новага стану выкладаньня”.

“Усё вырашаецца адным чалавекам”

Начальнік Упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юры Гладкоў сказаў, што за такі хуткі пераход да 11-гадовай сыстэмы адукацыі выказалася большасьць настаўнікаў і школьнікаў.

Але Ўладзімер Здановіч кажа, што ўсё рабілася без усялякіх грамадзкіх абмеркаваньняў – толькі чыноўнікамі:

“Гэтае пасяджэньне магло б адбыцца амаль тайна, інфармацыі не было наагул на пачатку, як вы заўважылі. Камісія наша пачала агучваць і даказваць, што нельга вось так, наскокам рабіць нейкія пераўтварэньні ў сфэры адукацыі”.

Настаўніца з 30-гадовым стажам Ірына Яўгенаўна кажа:

“Дапусьцім, я згодная: навошта нам 12-гадовая адукацыя? Але мы ж ужо столькі год ішлі да гэтага, мы пакутавалі. Цяпер адным росчыркам пяра перакрыжоўваецца, усё вырашаецца адным чалавекам. І ты разумееш, што ты цалкам бяспраўны”.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1 (з 1)
Імя:: дзівак Горад:: менск
16.05.2008 23:14

нам патрэбная абавязковая 8гадовая адукацыя і 12гадовая перадуніверсітэцкая якая сёньня амаль адсутнічае ў краіне што й прывяло да розных профільных клясаў ды больш за тое падпольных часта з дазволу раённага начальства клясаў нават экзамены праводзяць ў іх пад выглядам суразмоўя рэформы лукашэнкі толькі пагаршаюць сітуацыю тым болей што пад выглядам пераходу да11годкі насамрэч наносіцца чарговы ўдар па якасьці навучаньня ды беларушчыне падобныя дзеяньні ўладаў вынік поўнай абыякавасьці грамадства да адукацыі й да дзяцей ў такіх умовах штосьці падобнае трэба было чакаць рашэньні прымаюцца не сьпецыялістамі яны спалітызаваныя міністэрства адукацыі адлучана ад магчымасьці ўплываць на прыняцьцё рашэньняў а толькі грудзьмі закрывае амбразуры тым больш што пры адсутнасьці дастатковай колькасьці кваліфікаваных настаўнікаў у краіне якія небудзь манэўры з дысцыплінамі без страты ўзроўня навучаньня немагчымы мне падаецца мэта такіх дзеяньняў аслабіць канкурэнтаздольнасьць беларусаў у адукацыйнай сферы й меркантыльнасьць улады

Камэнтары 1 (з 1)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks