Праграмы / Начная Свабода

Н.Базылевіч: “Прыезд папы ў бліжэйшы час непраўдападобны”

21.06.2008 17:14

Госьця “Начной Свабоды” – рэдактарка парталу “Царква” Наталка Базылевіч.

Соўсь: Наталка, скажыце, калі ласка, як Вы мяркуеце, ці прыме запрашэньне беларускага кіраўніка папа рымскі Бэнэдыкт XVI? І пры якіх умовах ён можа прыехаць у Беларусь?

Базылевіч: Ужо гучалі розныя меркаваньні, але трэба адзначыць, што на падобнае запрашэньне прэзыдэнта Юшчанкі прыехаць ва Ўкраіну папа рымскі паведаміў, што ў бліжэйшы час ён ва Ўкраіну прыехаць ня зможа, і што ў яго вялікі графік, таму мне здаецца, што для Беларусі ён таксама наўрад ці знойдзе час. Калі параўнаць колькасьць вернікаў, якія чакаюць яго ва Ўкраіне і ў Беларусі, то гэтая колькасьць будзе рознай.

Што да вызваленьня палітвязьняў, то мне здаецца, калі папа рымскі будзе такую ўмову ставіць, то ён павінен зрабіць гэта публічна і гучна, каб нам не гадаць, чаму ён ня едзе... Калі яго сапраўды турбуе праблема палітвязьняў, то ад яго, як ад уплывовага чалавека, мы маем надзею дачакацца, каб ён выказаўся за вызваленьне палітвязьняў.

Зь іншага боку, хачу нагадаць, што ў 2004 годзе ў Менску адбывалася паседжаньне камісіі вераўладкаваньня Ўсясьветнай рады цэркваў, і генэральны сакратар Усясьветнай рады сустракаўся з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Тады стаяла пытаньне зьніклых палітыкаў у Беларусі, і чакалася, што ён падыме гэтае пытаньне на сустрэчы з Лукашэнкам, але гэтага не было зроблена. Мне здаецца, што падобная сытуацыя можа быць і з папам.

Соўсь: Якія дывідэнды і якія праблемы можа мець Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з рашэньнем запрасіць у Беларусь папу рымскага? І чаго будзе больш?

Базылевіч: Я ўжо сказала, што прыезд папы рысмкага ў бліжэйшы час выглядае фантастычным, але мне здаецца, што Лукашэнка хутчэй атрымае праблемы ў сувязі з гэтым запрашэньнем. Гэта быў такі яскравы крок зь яго боку. У нейкім сэнсе каталіцкае насельніцтва Беларусі пазытыўна ўспрыме гэтую навіну, але ня трэба забываць, што тут паўстае пытаньне аб рэакцыі Расеі, Рускай праваслаўнай царквы, якая лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй і неаднаразова казала пра тое, што такі візыт немагчымы без узгадненьня некаторых пытаньняў з РПЦ. Я думаю, гэта толькі ўскладніць стасункі рэжыма Лукашэнкі з Расеяй.

Соўсь: Ці патрэбная згода мітрапаліта Філарэта, які прадстаўляе дамінуючую праваслаўную канфэсію ў Беларусі, для візыту папы рымскага ў Беларусь?

Базылевіч: Мітрапаліт Філарэт, мне здаецца, не зьяўляецца той фігурай, якая будзе ўплываць на вырашэньне гэтага пытаньня. Мне здаецца, ён апынуўся тут у самым цяжкім становішчы, таму што ён, па-першае, падпарадкоўваецца Сыноду, кіраўніцтву Рускай праваслаўнай царквы, якая адназначна выступае супраць візыту папы.

У хуткім часе, з 24 па 29 чэрвеня, у Маскве адбудзецца Архіярэйскі сабор РПЦ, дзе пытаньне Ўкраіны будзе адным з самых галоўных пытаньняў – гэта дзейнасьць каталіцкай царквы ва Ўкраіне, магчымы візыт канстантынопальскага патрыярха Варфаламея ва Ўкраіну... І калі Ўкраіна даўно мае ў праваслаўнай айкумэне зусім іншы статус, чым Беларусь, то зь Беларусьсю, мне здаецца, будзе яшчэ складаней.

Зь іншага боку, мітрапаліт Філарэт імкнецца захоўваць добрыя стасункі зь беларускім палітычным рэжымам, і калі кіраўніцтва дзяржавы захоча зьмяніць сытуацыю і запрасіць папу рымскага, то яму сапраўды прыйдзецца цяжка: выбіраць між сваім кіраўніцтвам у Маскве і кіраўніцтвам Беларусі.

Соўсь: Дзяяч польскай меншасьці Тадэвуш Гавін выказаў меркаваньне, што хутчэй за ўсё беларускія ўлады ўзгаднілі запрашэньне з Расеяй. Ці згодныя вы з гэтым меркаваньнем?

Базылевіч: Мне здаецца, што калі беларускія ўлады нешта ўзгадняюць, то я ня ведаю, з кім... Магчыма, ёсьць нейкія сілы ў гэтым сьвеце, зь якімі яны раяцца, але наўрад ці гэта ўрад Расеі. Бо калі ўзяць іншыя пытаньні, – не візыт папы рымскага, а канкардат, які плянуецца заключыць, – то апарат упаўнаважанага па справах рэлігій яшчэ некалькі дзён таму выказаўся, што такой інфармацыі ў іх няма і што такі канкардат падпісаны ня будзе, арцыбіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама ня ведаў, што яму ў гэтым пытаньні сказаць... Магчыма, беларускі рэжым дзейнічае ў межах нейкай лёгікі, але пэўныя ягоныя дзеяньні ўсё ж такі не такія і лягічныя, спантанныя, таму яны часта зьяўляюцца такімі эфэктнымі.

Соўсь: Папа рымскі Ян Павал Другі наведваў суседнія Ўкраіну, Літву, Польшчу. Гэтыя візыты праходзілі надзвычай ўрачыста, у Літве нават плошчу назвалі ў яго гонар. Я ведаю, што Вы былі ў часе візыту Папы ва Украіну. Падзяліцеся ўражаньнямі...

Базылевіч: Я ехала ва Ўкраіну разам з каталіцкай супольнасьцю зь Менску, і тады былі вялікія масавыя пратэсты праваслаўных супраць прыезду папы. Таксама ў Беларусь у той час прыехаў патрыярх РПЦ Алексій ІІ. Сытуацыя была вельмі напружаная, і тады я яшчэ жартавала, што па прыезьдзе ва Ўкраіну яшчэ падумаю, да каго далучыцца – ці пайсьці на службу, якую будзе праводзіць папа, ці прымкнуць да сваіх братоў па веры...

Безумоўна, гэта быў жарт, я ўсё-ткі пайшла на службу, але трэба адзначыць, што служба адбывалася на аэрадромным полі далёка ад Кіева, і я не магу сказаць, што гэта было нечым вельмі ўрачыстым, мне здаецца, гэтак скамечана праходзіў візыт папы рымскага ва Ўкраіну...

Соўсь
: Вы ўжо казалі, што нядаўна Віктар Юшчанка запрасіў ва Ўкраіну патрыярха Варфаламея, вось цяпер Аляксандар Лукашэнка Папу Рымскага... Пра што сьведчаць гэтыя крокі і ці могуць яны зьмяніць міжканфэсійную сытуацыю ў рэгіёне?

Базылевіч: Мне здаецца, што дзеяньні Лукашэнкі наўрад ці нейкім чынам зьвязаныя зь дзеяньнямі Юшчанкі, таму што запрашэньне Ўсяленскага патрыярха ва Ўкраіну – гэта, у нейкім сэнсе, нават больш знакавая падзея, калі патрыярх прыедзе, чым запрашэньне папы рымскага ў Беларусь, таму што гэтая падзея насамрэч можа зьмяніць сытуацыю ў рэгіёне.

Як вядома, ва Ўкраіне існуюць дзьве праваслаўскія царквы – Маскоўскага патрыярхату, кананічная, другая, не прызнаная іншымі праваслаўнымі цэрквамі – Кіеўскага патрыярхату, а таксама некалькі груповак Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. А калі ў гэты год, важны для праваслаўных хрысьціян нашага рэгіёну, таму што гэта 1020 год хрышчэньня Русі, якое адбылося ў Кіеве, пры дапамозе Ўсленскага патрыярха адбудзецца ўзьяднаньне частак царквы ва Ўкраіне, то гэта будзе хіба найбуйнейшая праваслаўная царква ў сьвеце, якая сапраўды зможа прэтэндаваць на спадчыну калі ня Трэцяга, то Чацьвертага Рыму...

Таму гэтае пытаньне больш актуальнае, і яно будзе разглядацца на Архіярэйскім саборы РПЦ, у тым ліку і ў кантэксьце стасункаў між РПЦ і Ўсяленскім патрыярхатам, якія на дадзены момант нашмат больш напружаныя, чым з Рыма-каталіцкай царквой.

Стасункі РПЦ з Ватыканам на самай справе даволі добрыя, і яны праводзяць у Заходняй Эўропе ўзгодненую палітыку. Напрыклад, Рускі партыярхат адкрывае ў Парыжы сэмінарыю з дапамогай дамініканскага ордэну. Некаторыя заходнія аналітыкі сьцьвярджаюць, што існуе дамова між Рыма-каталіцкай царквой, Рускай праваслаўнай царквой і Румынскай праваслаўнай царквой пра падзел сфэраў уплыву ў Эўропе. Заходняя Эўропа застаецца ў кананічнай сфэры Рыма-каталіцкай царквы, і ўсе праваслаўныя цэрквы, якія існуюць – гэта цэрквы ў дыяспары. Стварэньне памеснай царквы Заходняй Эўропы робіцца немагчымым, і ў той жа самы час у Расеі, Беларусі, магчыма, ва Ўкраіне Рыма-каталіцкая царква застаецца чужой царквой, царквой дыяспары, царквой нацыянальных меншасьцяў.

Соўсь: Наталка, калі візыт папы рымскага ў Беларусь усё ж адбудзецца, які ўплыў ён можа мець, якія будуць яго наступствы?

Базылевіч: З аднаго боку, гэты візыт ажывіць рэлігійнае жыцьцё ў Беларусі, але з другога боку, як мы бачым па тых выступах, якія рабіў кардынал Бэртонэ ў Менску, і мітрапаліт Філарэт, які казаў, што ў Эўропе Эўразьвяз адыходзіць ад хрысьціянскай традыцыі, там маральны распад, праблемы хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, то мне здаецца, што цалкам магчыма, што “ў тую самую дудку” будзе казаць і папа – паліткарэктна, кажучы пра праблемы ў Заходняй Эўропе не казаць пра праблемы ў Беларусі. Таму што праблемы будаўніцтва касьцёлаў ці візаў для манашак – гэта насамрэч толькі вельмі маленькая частка тых праблем у рэлігійнай сфэры, якія ў Беларусі адбываюцца.

Калі ўсё ж такі візыт папы вырашыць толькі гэтыя частковыя праблемы, то насамрэч вынік будзе нулявы. Для таго каб сапраўды вольна разьвіваліся рэлігійныя супольнасьці ў Беларусі, патрэбная зьмена рэлігійнага заканадаўства, перагляд палітыкі ў галіне веравызнаньняў. Іначай у любы момант статус-кво можна будзе вярнуць.

Наталка Базылевіч, спэцыяліст у пытаньнях рэлігійнай ідэнтычнасьці ў Беларусі, палітоляг, рэдактар парталу "Царква". Нарадзілася ў 1982 годзе, вучылася ў Беларускім гуманітарным ліцэі, Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, рыскай бізнэс-школе, Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-11 (з 11)
Імя:: Бенедзікт
21.06.2008 21:26

Камэнтар сп. Наталкі Базылевіч нажаль надзвычай некваліфікаваны...
Варта задумацца - з чым можна параўнаць узровень дыпляматычнага досьведу Ватыкана, яго здольнасьці дасягаць мэты. У характары Лу-кі гуляць на супярэчнасьцях, пры адсутнасьці нейкіх маральных тармазоў - гэта вядома...


Імя:: Палівач
22.06.2008 00:20

"і ў той жа самы час у Расеі, Беларусі, магчыма, ва Ўкраіне Рыма-каталіцкая царква застаецца чужой царквой, царквой дыяспары, царквой нацыянальных меншасьцяў."

Пагаджуся, што каментар Н.Васілевіч непрафесійны. Становішча Касцёла ў Беларусі нельга параўноўваць з становішчам у Расіі і нават на Украіне.


Імя:: Mikola Горад:: Litva
22.06.2008 10:10

Свабода ужо нядзелю вы клапоціцеся справамі папы рымскага і ў розных варыянтах валіце на яго праблемы Экзархату РПЦ як посткаляніяльнай структуры ў РБ. І прыеде папа, і дзяржаўны візіт адбудзецца, бо кардынал аб гэтым дамовіўся з Прэзыдэнтам Беларусі. Дарэмна вы вышукваеце па Беларусі хто і што напляце
накол да вакол - пакіньце праблему даты візіту Ватыкану і РБ. Ужо аж агідна чытаць вашы спэкуляцыі на гэтую тэму. Не маеце права распальваць межрэлігійную варажнічу, ды яшчэ паміж хрысьціянамі у Беларусі. Цяперашняя каманда журналістаў Свабоды
напрошваецца на разборку ў Кангрэсе ЗША чым вы займаецеся і чым павінны.


Імя:: Язафат
22.06.2008 21:42

Для "спэцыяліста ў пытаньнях рэлігійнай ідэнтычнасьці" (які шціль!)вельмі і надзвычай суб'ектыўна...


Імя:: Аляксандар Шрамко Горад:: Мінск
22.06.2008 23:27

Мне дзіўна чуць папрокі аб некваліфікаванасьці. Такое ўражаньне, што аутары каментаў маюць доступ да вельмі-вельмі "кваліфікаваных" крыніц. Можа падзеліцеся, дзе ш нас хаваюцца вялікія спецыялісты?
А Палівач выдае за думеку Васілевіч тое, што яна падае не як сваю думку, а як мэту магчымых тайных пагадненьняў паміж РПЦ і Ватыкану. Чытаць трэба ўважліва, калі думаеш крытыкаваць.


Імя:: Язафат
23.06.2008 00:54

Спадар Шрамко, "вялікія спецыялісты" у вас не хаваюцца, а апошнім часам наадварот высоўваюцца як "спецыялісты ў рэлігійных пытаньнях" і "палітолагі", якім нешта "здаецца". А Палівач нічога не выдае за думку Васілевіч, тым больш не кажа ні пра якія "тайныя пагадненьні" паміж РПЦ і Ватыканам. Відаць Вы таксама вялікі спецыяліст, які ўжо хаваецца.


Імя:: Gleb Горад:: Orsha
24.06.2008 08:36

Молодец, Наташа!
Квалифицированно,умно и со знанием темы.
Не обращайте внимание на тех любит похвалиться своими знакомствами в Congress of the U.S.
Религиозную вражду разжигают те кто всю сознательную жизнь пишет анонимные доносы.
Секретарям партии и народным контролям и американским конгрессам.
На то и Свобода что бы высказываться свободно. В том числе и о религиозных властителях.
Не бойтесь никого.
Вас природа наградила. Образованная, умная и, что очень редко в таких сочетаниях, красивая.


Імя:: Не царкоўнік
24.06.2008 10:20

"Кукушка хвалит петуха..."


Імя:: То Gleb Горад:: З ВКЛ
24.06.2008 16:39

Гэта пустое інтэрв'ю, бо пытаньне ў тым, што візіт папы патрэбен і будзе па некалькіх мэтах. Па першае, ЭЗ, ЗША і РБ зайшлі ў тупік з-за бясконцых сварак і ультыматумаў, па-другае, ніякая РПЦ не можа накідаць РБ ультыматыўна забарону візітаў кіраўнікам іншых дзяржаў якім ёсць папа рымскі, па-трэцяе і галоўнае, ў Беларусі каля 3 млн. каталікоў і пры чым тут чыноўнікі з РПЦ у Маскве, што хочуць далей бачыць РБ сваёй калёніяй. Яны ж нават забараняюць беларусам з Богам размаўляць па беларуску. Пані Наталка сапраўды добра выканала заказ Экзархату РПЦ але не разумее інтарэсаў РБ. Што датычыць маіх аргумэнтаў і біяграфіі
- я працаваў прафэсійна ў адной з суседніх краін аналітыкам па Беларусі і ніколі не працаваў на чырвоных фашыстаў.Візіт папы ў РБ будзе значна хучэй чым мяркуе пані Наталка, бо такая сітуацыя ў цэнтры Ўсходняй Эўропы, як цяпер, нікому не патрэбна і папа мае пэўны шанец зрушыць справы з месца ў сэнсе глабальнай палітыкі, а ягоныя сустрэчы з кіраўніцтвам РБ і вернікамі каталікамі даўно неабходны і пажадальны ўсім акрамя чамусьці РПЦ, якая лічыць сябе бліжэй до Бога і хоча сядзець на галаве ўсіх хрысьціян.
Сьмешна, што Свабода цкуе ўсіх і палохае страшылкай РПЦ, калі пачалася тэхнічная падрыхтоўка візіту.


Імя:: Mikola To:Ганна Соўсь Горад:: Z VKL
25.06.2008 20:16

Цяпер давайце слова З. Пазняку, каб Беларусь пазнаёмілася з іншым поглядам чым у пані Наталкі. А гэта мы ужо даўно ведаем - без Расеі і бацюшак з РПЦ мы ўсе
сканаем і не пабудуем з С. Калякіным камунізм. Чаму вы так упарта на грошы ЗША
запіхваеце РБ у калёніі Масквы?


Імя:: Менчук
25.06.2008 23:28

Аб "прафэсійнасьці" Н. Базілевіч хутка будуць кнігі пісаць... юмарыстычныя... і ня толькі ў Беларусі. Асабліва яе абазнанасьць ва Ўкраінскам пытаньні. дастаткова пачытаць артыкулы на www.ukr.net і пераканацца, што прэзыдэнту Юшчанку па вялікаму рахунку пляваць на думку асобных дзеячаў РПЦ і пытаньня адзінае праваслаўнае царквы на Ўкраіне - гэта пытаньня часу. Яшчэ, аб чым "прафэсіянал" маўчыць... Томас Канстанцінопальскага патрыярха ад 13 лістапада 1924 г., у якім КІЕЎСКАЯ МІТРАПОЛІЯ ЗЬ ЯЕ КАНАНІЧНАЕ ТЭРЫТОРЫЯЙ ЁСЬЦЬ МІТРАПОЛІЯ КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКАГА ПАТРЫЯРХАТУ,аб гэтым казалі і прадстаўнікі Канстанцінопаля на сустрэчы зь прэзыдэнтам Юшчанка. А Беларусь... таксама Кіеўская мітраполія і тады перабываньня тут БЭ РПЦ зь кананічнай кропкі гледжаньня вельмі праблематычна. А вось зь каталікамі ўсё кананічна, гістарычна і лягічна.

Камэнтары 1-11 (з 11)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Google Bookmarks
ПАМЕР ШРЫФТУ