Блогі

Калі маўчаньне – золата

14.08.2008 16:28

Пра што маўчаў Лукашэнка? Не, ня ў сэнсе, што хаваў, а ў тым, што хацеў сказаць сваім маўчаньнем.


Як толькі Расея ўступіла ў вайну, шмат хто зь беларускіх мысьляроў заўважыў, як чарговы раз чорт варожыць беларускаму кіраўніку, якія козыры самі плывуць яму ў рукі. Маўляў, такой канфрантацыі Расеі з Захадам не было за ўвесь постсавецкі пэрыяд, каштоўнасьць адзінага саюзьніка ўзьлятае да нябёс, ад яго адно і патрабуецца зараз, што зрабіць пару жэстаў саюзьніцкай вернасьці і падстаўляць кішэні.

А ён маўчаў. А МЗС выдаў заяву, якую, паводле дасьціпнай заўвагі Андрэя Фёдарава, мог бы выдаць (і выдаў) генсек НАТА, маўляў, шкадуем загіблых і заклікаем да міру. І кропка. Ну і беларускі МЗС мог бы выдаць такое – наконт, скажам, вайны паміж, ну ня ведаю, Танзаніяй і Кеніяй. А тут жа, здавалася б – вялікі саюзьнік, “старэйшы брат”, крыніца ўсякіх дабротаў, між іншым, а з другога боку -- страшны празаходні Саакашвілі, правадыр “аранжу”, гадавальнік знакамітага дохлага пацука генэрала Сухарэнкі нарэшце. Але – маўчаньне. Больш красамоўнае, чым словы.

Пра што? Ну, і пра козыры, якія сапраўды ўзьніклі, але зусім ня ў тым, у чым убачылі іх паважаныя калегі, і пра, так бы мовіць, “някозыры”, пра небясьпекі і рызыкі, якія нясе ў тым ліку і Беларусі вайна на Каўказе.

Існуе традыцыя называць імпэрыялізмам любыя крокі Расеі адносна яе суседзяў, якія па тых ці іншых прычынах падаюцца кепскімі. І дае танны газ – імпэрыялізм, і падвышае цану – імпэрыялізм. Між тым да апошняга часу адносна, скажам, Беларусі гэта калі і было імпэрыялізмам, то вельмі неклясычным. Чаму Аляксандар Салжаніцын яшчэ у 1990 годзе ў сваім праграмным артыкуле "Как нам обустроить Россию?" пісаў, што Беларусь, Украіну, паўночны Казахстан (а ня ўвесь, дарэчы) трэба захаваць, а астатніх – прэч, фактычна выгнаць з Расеі? Скажам, Азэрбайджан , які стаіць на лужыне нафты, Туркмэністан зь ягоным газам, Балтыя са стратэгічным выхадам да мора – тэрыторыі ня менш, калі ня больш каштоўныя. Чаму ж нават на ўзроўні прынцыпу, ідэі, а не практычнай магчымасьці, гэтых пакінуць, а тых – выгнаць?

Таму што для расейскай сьвядомасьці беларусы і ўкраінцы – ня проста свае, а гэта мы, рускія, і ёсьць, толькі нейкія дзіўныя. Можна вельмі крыўдзіцца на такое стаўленьне, але варта зафіксаваць, што яно – адрознае ад стаўленьня расейцаў, скажам, да літоўцаў ці туркмэнаў, якіх ніводзін расеец ніколі не лічыў рускімі.

Дык вось наконт Грузіі. Пад расейскімі снарадамі і бомбамі гіне вельмі шмат, гінуць песьні Акуджавы, стужкі Данэліі, “Хванчакара”, “Баржом”, гіне гіганцкі пласт грузінскай культуры, як духоўнай, гэтак і матэрыяльнай, які стаў арганічнай часткай расейскай культуры. А ня трэба, а прэч. Сапраўдны, клясычны імпэрыялізм, калі і пачынаецца, то менавіта зараз. Няма ніякіх братоў, ніякіх сваіх, ёсьць (будуць) толькі трафэі.

І гэта Лукашэнка зразумеў. Калі ён у 2004 годзе крычаў, што адключэньне газу – “тэрарызм на вышэйшым узроўні”, дык гэтая рыторыка была па сутнасьці бясьпечнай, гэтую бясьпеку гарантавалі тыя самыя асаблівасьці расейскай масавай сьвядомасьці: ну свае ж, ну палаяліся, чаго не бывае. А зараз можна і нарвацца. І сапраўды наклікаць тое самае. Прычым менавіта на найвышэйшым ўзроўні.

Калі б адразу пасьля пачатку вайны афіцыйны Менск стаў поруч са сваім саюзьнікам, гэта магло б даць насамрэч невялікі і кароткачасовы выйгрыш. А ў доўгатэрміновай пэрспэктыве зьмена лёгікі, зьмена бачаньня сьвету Крамлём, спароджаная вайной – гэта небясьпека для Беларусі, і лукашэнкаўскай у тым ліку. І ўсьведамленьне гэтай небясьпекі патрабавала адказу з дальнім прыцэлам.

Нездарма яшчэ з мінулага году афіцыйны Менск пачаў упарта заляцацца да Эўропы. Бо лёгіка Крамля, лёгіка Расеі пачала мяняцца ня ўчора, вайна – гэта, з аднаго боку, і скачок у гэтай зьмене, а з другога -- вынік працяглай эвалюцыі ў гэтым кірунку. У сваіх спробах спакусіць Эўропу Менск прапаноўваў рознае – спачатку палітзьняволеных, потым, апошнім часам – выбары, абяцаньне правесьці іх больш менш прыстойна. Але раптам ўсясьветны расклад сапраўды выкінуў Лукашэнку козыр, тавар, які каштуе надзвычай дорага.

У свой час знакаміты францускі палітоляг Раймон Арон прапанаваў трапнае параўнаньне міжнароднай палітыкі з грашовай сыстэмай. Заявы, перамовы, нарады, усе гэтыя “мы выказваем глыбокую занепакоенасьць” – гэта ўсё крэдытныя грошы палітыкі, і невядома, што за імі стаіць, ці гэта сапраўды грошы ці пустыя паперкі. Забесьпячэньнем гэтага “крэдыту”, паўнаважным золатам палітыкі зьяўляецца сіла, а гадзіна расплаты гэтым золатам – вайна. На жаль, ніхто гэтую праверку не адмяняў і вось яна і прыйшла. І як у гэтай сытуацыі расплаціўся (здолеў, змог, рашыўся расплаціцца) сапраўднай валютай Захад, мы выдатна бачым.

Прычым, гэта нават не ў асуджэньне Захаду. Вайна на Каўказе паводле даты амаль супала з гадавінай бамбаваньня Хірасімы. Ёсьць, на жаль, такая штука, як бомба. І пралічваючы варыянты дзеяньняў, у Вашынгтоне і Брусэлі не маглі ня браць гэта пад увагу, не маглі не задаваць сабе пытаньне, як ні цынічна і па-блюзнерску яно ні гучыць, ці вартая Грузія нават малой імавернасьці ядзернага Армагедону.

Паводзіны Захаду ў гэтым крызысе нагадалі, што мы жывем у сьвеце пасьля Хірасімы і што стаўкі, калі размова ідзе пра адносіны з Расеяй, вызначаюцца менавіта гэтым.

Вяртаючыся да беларускай сытуацыі, трэба адзначыць, што і вокрык расейскага пасла, і роў расейскага друку, які ахрысьціў Лукашэнку “здраднікам”, у пэўным сэнсе згулялі на яго, сталі, так бы мовіць, тлумачэньнем да пасланьня Лукашэнкі Вашынгтону і Брусэлю, што, колькі і чым ён заплаціў. І тут ужо выціснутыя Сурыкавым спачуваньні Мядзьведзеву і прапанова гуманітарнай дапамогі значаць насамрэч вельмі мала – ну ўжо нельга шмат патрабаваць.

Дэмакратычны лад, свабодныя выбары, правы чалавека – гэта рэчы самыя важныя. З адной маленькай папраўкай – калі вайны няма, калі няма гэтага часу праверкі сапраўдных і ўяўных каштоўнасьцяў. А вайна, на жаль, ёсьць.

Калі прыгадваць гісторыю, то Лукашэнка – проста анёл у параўнаньні з колішнім дыктатарам Румыніі Чаўшэску. Але ў савецкім ўварваньні ў Чэхаславаччыну у 1968 годзе бухарэсцкая пачвара ня ўдзельнічала (менавіта пытаньне вайны), з Ізраілем Румынія адзіная з савецкага блёку дыпадносіны не разарвала (ізноў пытаньне вайны і міру) і быў Чаўшэску калі не саюзьнікам Захаду, але сёе-тое (і нямала) за такую сваю пазыцыю ад Захаду атрымліваў. У сябе ў Румыніі ён рабіў суцэльныя жахі. Ну гэта кепска, ну ўсясьветная супольнасьць, зразумела, і тады рашуча гэта асуджала і выказвала глыбокую занепакоенасьць. Але ж вайна...

Дарэчы, тое, што зараз у Беларусі фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў прайшло значна менш дэмакратычна, чым два папярэднія этапы выбарчай кампаніі –фармаваньне акруговых камісій і рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, можа быць наўпрост зьвязана з сюжэтам, пра які ідзе размова. Золатам заплачана, чаго ўжо тут нейкія паперкі адлічваць.

Ці прачытаюць у Вашынгтоне і Брусэлі гэтая пасланьне менавіта так, ці прымуць ў аплату Лукашэнкава маўчаньне? Могуць прыняць. Бо вайна. Сапраўды чорт варожыць.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-12 (з 12)
Імя:: Алеся Горад:: вашынгтон
14.08.2008 18:08

Re: Існуе традыцыя называць імпэрыялізмам любыя крокі Расеі адносна яе суседзяў, якія па тых ці іншых прычынах падаюцца кепскімі. І дае танны газ – імпэрыялізм, і падвышае цану – імпэрыялізм. Між тым да апошняга часу адносна, скажам, Беларусі гэта калі і было імпэрыялізмам, то вельмі неклясычным.
-----
Юра, імпэрыялізм можа выкарыстоўваць розныя метады ўзьдзеяньня, у тым ліку эканамічныя - газ. Вам гэта арыфметыка добра вядома. Расея з Беларусьсю не газам гандлюе, а лаяльнасьцю на ўзроўні аўтаномнай Расейскай губерніі з мясцовай атрыбутыкай. Так што гэта вельмі клясычны імпэрыялізм прыпраўлены на "братэрскі" густ.
Што да маўчаньня, дык Лукашэнка па натуры гандляр. А тут такая магчымасьць! Вось у Сочы паедзе атрымліваць найбольшую цану за свой "тавар". З Захадам гандаль у яго ніколі не атрымліваўся і не атрымаецца, бо ён, Лукашэнка, не разумее правілаў гульні па-заходняму і ня ўстане гэтаму навучыцца. Таму ён заўсёды будзе імкнуцца гуляць толькі ва ўсходнім кірунку. Заходнія гульні - так, одно баловство. Таму, параўнаньне з Чаўшэску тут ня надта прыдатнае.


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
14.08.2008 19:13

Паважаная Алеся! Мне ў Вашым падыходзе бачыцца лягічная хіба. Усе ж імпэрыя, паводле вызначэньня, высмоктвае рэсурсы са скораных тэрыторый на карысьць народа мэтраполіі, яна вядзе зь імі неэквівалентны эканамічны абмен на карысьць сабе. Ці шмат Вы прыгадаеце імпэрый у Вашым разуменьні, якія б прытрымліваліся наўпрост адваротнай палітыкі? Мне ўяўляецца абсурдным аб’ядноўваць пад адным паняцьцем дзьве цалкам процілеглыя палітыкі незалежна ад іх матывацыі. Даваць даброты за ляяльнасьць – гэта не імпэрыялізм, хаця гэта таксама можа быць кепскай з’явай, Калі, скажам, ЗША даюць Ізраілю пэўную колькасьць даляраў штогод, гэта наўрад ці можна назваць імпэрыялізмам, хаця і яны, пэўна, чакаюць, што атрымальнік дапамогі будзе неяк сувымяраць свае мэты і дзеяньні з тым, хто дае гэтую дапамогу.
Што да заходніх правілаў гульні, то ў Вас, мне здаецца, пра іх крыху ідэалістычнае ўяўленьне. Той жа Чаўшэску ў брэжнеўскую Маскву езьдзіў не радзей, чым Лукашэнка зараз – у путведзеўскую. Таксама знаўцу “правілаў гульні па-заходняму” знайшлі. А можаце і іншых знайсьці – напрыклад, Каддафі, які ператварыў сваю краіну ў суцэльны Гулаг, але якому за невялічкую плату дараваныя ўсе грахі, ці Хусэйна, якому ў 1982 годзе з мілай усьмешкай паціскаў руку Дон Рамсфэльд, ці цяперашніх цэнтральназыяцкіх прыгажуноў, якія таксама не забываюць шлях у Маскву. Усе яны, значыць, былі і ёсьць вялікія знаўцы заходняга палітычнага палітэсу, адзін небарака-Лукашэнка ня ў стане гэтай хітрай навуцы навучыцца? У Вас адносна яго атрымліваецца , як у старым анекдоце.
Жонка мужу кажа:
-“Ты такі дурань, што на ўсясьветным конкурсе дурняў заняў бы другое месца!”
–“Чаму?”
– “Таму што ты – дурань”


Імя:: Алеся Горад:: вашынгтон
14.08.2008 22:03

Шаноўны Юры, загадзя выбачаюся да доўгі адказ.
Як вы ведаеце, існуе мноства дэфініцый імперыіі і імперскай палітыкі. Калі карыстацца вашай дэфініцыяй, дык ніякай лягічнай хібы я ня бачу - расейскі танны газ гэта ёсьць неэквівалентны палітычны абмен на карысьць Расеі з выкарыстаньнем эканамічнага рычагу высмоктваньне эканамічнага і палітычнага рэсурсу Беларусі на карысьць мэтраполіі. Дзе вы бачыце карысьць Беларусі? У дэградацыі эканамічнай пэрспэктывы? А дзе страты Расеі? У Беларусі Расея выкарыстоўвае газ у палітычных мэтах, а не проста, каб грошы зарабляць. Мне гэта нагадвае гандляра наркотыкамі, які трымае ахвяру на ігле, каб тая адчувала кайф пакуль не стане цалкам залежная. Першыя дозы можна і задарма ці са скідкай даць, а пазьней кантраляваць цану, як заўгодна. На чыю карысьць такі "неэквівалентны эканамічны абмен", наркадылера ці наркамана? І славяна-братэрскі сэнтымент тут ролі асаблівай ня мае. Так, многія расейцы падзяляюць сэнтымэнт "адзінага русскага народу". Існаваў таксама і сэнтымент "праваслаўны рускі -- брат хрысьціяніну грузіну". Але ўсе гэтыя сэнтыменты хутка выпараюцца, калі "браты" заяўляюць пра зьмену "сям'і" і тады брутальнасьці хоць адбаўляй. Так што ня бачу я тут ніякай перакручанай братэрскай ласкі з газам - сучасная імпэрская палітыка з выкарыстаньнем сучаснай зброі.

Што да заходніх правілаў гульні, дык я з вамі пагаджаюся, аб'ектыўна нічога Лукашэнку не замінала б іх ужыць, ды толькі ён вучыцца іх ён ня мае вялікага жаданьня, хоць і навука, як вы прадэманстравалі, тут невялікая. Калісьці, здаецца, Фядута згадаў першыя месяцы прэзыдэнцтва Лукашэнкі ягоным пошукам эканамічнай будучыні Беларусі. Параспытаўшы розных урадоўцаў пра рыначную эканоміку, Лукашэнка сказаў, будзем будаваць, што ведаем. Вось пра гэта я і вяла. Лукашэнка робіць, што ведае. А ведае ён толькі як гандлявацца з Расеяй за іглу.


Імя:: Васiль
14.08.2008 23:45

Г-н Дракахруст, спасибо за сегодняшний интересный анализ. Несколько моментов, которые не кажутся очевидными. Согласен, что молчание правителя было сознательным, а не ступором, как в марте 2006. Уже прозвучало поручение МИДу улчучшить отношения с Европой и США. Однако согласен и с Алесей, что это мессадж более востоку, а не западу. С практической точки зрения, цена на газ силнее западных оценок повлияет на способность удержать власть.
1. Отличие формирования участковых комиссий от окружных представляется не связанным с событиями в Грузии, а результатом предварительной технологической проработки, повышением профессионализма ответработников. Опытные наблюдатели делятся, для прекрытия манипуляций хватает большого зада члена участковой комиссии. Ермошины-лозовики окружные комиссии объявляют демократическими, а над участковыми еще придется работать. То есть тут как бы параллельно, и существует расчет, что западные наблюдатели эти детали не будут или не смогут принимать во внимание, даже несмотря на подсказки местных наблюдателей. Ведь "в Париже принято верить на слово". Это запланированный шаг. Они просто не рискнули менять технологию на участках.
2. Извините, если неправильно чувствую акцента. "Паводзіны Захаду ў гэтым крызысе нагадалі, што мы жывем у сьвеце пасьля Хірасімы і што стаўкі, калі размова ідзе пра адносіны з Расеяй, вызначаюцца менавіта гэтым." Вы видите какую-нибудь практическую альтернативу тому, как реагировали западные страны? Даже с позиций солидарности с Саакашвили, предъявить претензии команде Саркози-Маркель-Райс нельзя, даже если грузинский президент считает по-другому. К счастью, человеческие жизни ценятся выше, чем политическая символика. И после Хиросимы способствовали этому и Вьетнам, и Ирак. "Технически" в структуре обсуждаемого момента любая эскалация не уменьшила бы масштаб человеческих потерь, более вероятно, увеличила бы.
3. Только что, возможно, не без влияния событий в Грузии, Польша ударила таки по рукам с США по размещению противоракетных систем. Можно ожидать появления момента истины. А не слабо "белорусским братьям" искандеры разместить?


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
15.08.2008 00:03

Паважаная Алеся, я абараняю не Расею, а лёгіку. І мне здаецца ня вартым падмяняць мэтафарамі эканамічны аналіз. Чаму ўсе краіны бьюцца за тое, каб атрымліваць танныя энэргарэсурсы? Яны ўсе наркаманы? Чаму суседняя Ўкраіна таксама атрымлівае газ значна таньней , чым яго атрымлівае, скажам, Польшча, і ня скардзіцца на гэтую “нарказалежнасьць” а наадварот – молііца, каб яна працягнулася як мага даўжэй? Ну гэта ж падручнік эканомікса – імкнуцца купляць таньней. Вось у гэтым і палягае “карысьць Беларусі”, пра якую Вы пытаеце. Тое, што Беларусь выкарыстоўвае гэты рэсурс неразумна, магчыма і так, але гэта ж яе сувэрэннае рашэньне.
Тут да кожнага слова ў Вашым вызначэньні – пытаньні і пытаньні. “Неэквівалентны палітычны абмен”? Але звычайна ў сьвеце любая дапамога, калі гэта не дапамога людзям, якія паміраюць ад голаду , прадугледжвае нейкія крокі ад акцэптэра ў адказ, часам і палітычныя. Нават Вы не рашаецеся назваць гэты абмен неэквівалентным эканамічна на карысьць Расеі.
“Высмоктваньне эканамічнага і палітычнага рэсурсу Беларусі”? Алеся, якога? Што менавіта Расея высмоктвае – МАЗы, калійныя ўгнаеньні, трактары “Беларусь”, што з гэтага ці нечага іншага яна атрымлівае таньней, чым іншыя пакупнікі гэтых дабротаў, што на нармальнай, а не ідэалягізаванай мове і называецца “высмоктваньнем”?
Наконт “першых дозаў” – ну таксама. Гэтая “першая доза” цягнецца ўжо гадоў 17, у акурат столькі, колькі незалежнай Беларусі. Вам не здаецца, што для вытанчанай тактыкі “наркагандляра” гэта даўгавата?
Можа быць, Вы маеце на ўвазе, што Беларусь нясе страты ў параўнаньні з той палітыкай, у тым ліку і эканамічнай, якая б падабалася Вам. Ну, гэта, па-першае, даволі спрэчны спосаб ацэнкі, а, па-другое, а чаму Вы так упэўнены, што мілая Вашаму сэрцу палітыка была б настолькі адназначна лепшай?
А дарэчы, Алеся, калі ўжо наркатычная залежнасьць такая кепская, Вы б параілі зараз беларусам горда заявіць Маскве, што ня трэба ім гэтай залежнасьці і яны гатовыя плаціць, скажам, як Польшча, даляраў 400? І які Ваш прагноз – што ў гэтым выпадку будзе з Беларусьсю?
Я, Алеся, пішу такі доўгі адказ таму, што па-першае, так, як Вы, разважаюць многія, а па-другое, менавіта стыль Вашых развагаў прымушае мяне з жахам думаць аб тым , што будзе пасьля Лукашэнкі. Зараз можна цешыць сябе такімі, прабачце, сафізмамі, але рэальнасьць абыякавая да сафізмаў. І калі новая ўлада будзе разважаць і дзейнічаць у такім стылі, то праз поўгады беларусы падымуць яе на вілы і на руках вярнуць Лукашэнку ў прэзыдэнцкі палац. І па-свойму будуць мець рацыю. Але мне гэтая пэрспэктыва не падабаецца.


Імя:: drakakhrust Горад:: praha
15.08.2008 15:56

Паважаны Васіль, наагул кажучы ёсьць і іншыя прэцэдэнты. Захад і ЗША ў прыватнасьці ня мелі фармальных юрыдычных абавязкаў перад Карэяй у 1950 годзе і перад Кувэйтам у 1991 годзе, але пайшлі за іх на вайну. Але адрозьненьні і гэтых выпадкаў, і прыгаданых вамі Вьетнаму і Іраку ад цяперашняга у тым, што там Расея (СССР) не была наўпроставым праціўнікам, што не існавала прамой небясьпекі перарастаньня вайны ў ядзерную. І гэта жахлівая дылема, а не просьценькі выбар паміж "чалавечымі жыцьцямі і палітычнай сымболікай". Часам адмова ад "палітычнай сымболікі" азначае капітуляцыю, якая, дарэчы, таксама можа важыць нямала чалавечых жыцьцяў. Але альтэрнатыва - рызыка гібелі ўсяго чалавецтва. Над гэтымі дылемамі шмат разважалі ў часы "халоднай вайны", цяперашняя вайна на Каўказе ізноў зрабіла іх актуальнымі. Тут няма простага, прыгожага і адназначна маральнага рашэньня. Тады, у 50-70-я некаторыя на Захадзе лічылі: "Лепш быць чырвоным, чым мёртвым". Іншыя на Захадзе казалі тады, што калі Захад будзе вызнаваць адваротны прынцып "Лепш быць мертвым, чым чырвоным", і дасьць гэта зразумець чырвонай імпэрыі, то можа і не давядзецца быць ні чырвоным, ні мертвым, бо рашучасьць Захаду азначала б гарантаванае ўзаемнае зьнішчэньне ў выпадку ядзернай вайны, а ў Крамлі сядзелі не самагубцы. Ну, Грузія, скажам, не падстава гуляць у гэтыя змрочныя экзыстэнцыйныя гульні ізноў. А што падстава, на Ваш погляд?


Імя:: Павал
15.08.2008 17:03

Аргумэнты Алесі больш слушныя, чым аўтара артыкулу. Расея пачала рэалізацыю імпэрскай палітыкі адразу пасьля 1991 году. Тут і прывязка да расейскага ВПК, і захоп маёмасьці, і прымусовая русіфікацыя (інструмэнт ня меньш магутны за танкі, калі казаць пра рэалізацыю геапалітычных інтарэсаў). І калі ўжо карыстацца аналёгіямі аўтара артыкула, дык 17 гадоў - вельмі "мала" для наркадылера, але нішто для геапалітыкі. Спадар аўтар, чаму Вы ўвесь час абараняеце Расею?


Імя:: alesia Горад:: washington
15.08.2008 17:29

Юра, мне прыемна пачуць, што так як я разважаюць цяпер многія. Гэта дае добрую надзею.
Вашыя аргумэнты ня новыя. Чула я іх яшчэ ў 90-х ад экспэртаў і прарокаў каляпсу Польшчы і балтыйскіх краін.

Гэтыя аргумэнты ня мелі б пярэчаньняў, калі б можна было глядзець на іх у адрыве ад часу, суб’ектаў і матывацыі. Газам можна надзімаць балёнікі, а можна труціць людзей – важная матывацыя і намер. Выкарыстаньне Расеяй газавай манаполіі ў палітычных мэтах ва ўсіх былых рэспубліках вельмі яснае. Узнаўленьне ўплыву і кантролю каштуе грошай. Траціць іх на войска ці на газавыя пастаўкі – пытаньне часу і суб’ектаў. Не сумняваюся, што калі Расея адчуе сур’ёзную пагрозу страты Беларусі, паспрабуе ўжыць ня толькі газ, але і вайсковую сілу, як гэта рабіла шмат разоў у мінулым. Тое ж з Грузіяй, Арменіяй ці Украінай. Чакайма Крымскай эпапеі. Так што давайце братэрскі аргумэнт не варушыць. Ён у расейскай палітыцы грае прапагандысцкую ролю. Тое, што Беларусь сувэрэнна пасадзіла сама сябе на іглу – сьцьвярджэньне часткова справядлівае. (Балтыйскія краіны таксама сувэрэнна дазволілі сябе акупаваць). Частковасьць у слове сама і сувэрэнна. Палітычная ўлада, якая кантралюецца іншай дзяржавай у пытаньнях палітыкі, эканомікі, бясьпекі і абароны не прымае сувэрэнных рашэньняў. Яна проста мае нейкую ступень свабоды манэўра. У нашым выпадку – большую, чым расейскія губерніі і аўтаноміі, але меншую, чым сувэрэнная дзяржава. Тое, што беларусы прагандлявалі гэтую сувэрэннасьць на залежнасьць – і наша віна і мэтанакіраваны палітычны курс Расеі. Расея ў гэтым туры ізноў перамагла ў 1994 і ўмацавалася ў 1996. Гэта аднак не здымае з беларусаў адказнасьці пазбавіцца залежнасьці і пачаць варушыць неЛінгаўскімі і неЛукашэнкаўскімі мазгамі пра тое, як рабіць эканоміку канкурэнтназдольнай. Так, канкурэнтназдольная эканоміка – мілая майму сэрцу і на мой густ адназначна лепшая за неканкурэнтназдольную кантраляваную з дзяржаўных кабінетаў, якую мае Беларусь цяпер. Ваш густ можа быць іншы, але які ён, вы не напісалі. Выздараўленьне – доўгі і часта балючы працэс. Над ім трэба працаваць, а ня роста наркотыкі глытаць. Іначай застаецца альтэрнатыва ўскраіннай губэрніі, якая, як казаў Лукашэнка памерці гатова за Расею (ясна, што паміраць ён не сьпяшаецца). Але вы ў сваіх адказах любіце ўтрыраваць. Я не прапаноўвала беларусам нічога горда заяўляць Маскве. Гаворка не пра гордасьць, а пра палітычную і эканамічную пэрспэктыву Беларусі і адукаваную палітыку ў нацыянальных інтарэсах сваёй дзяржавы, а не сябе пэрсанальна ці суседняй дзяржавы. А калі хочаце майго прагнозу, дык трэба яшчэ пралічыць, што б каштавала нам даражэй, польская гордасьць ці беларускае смактаньне.

Након вашага жаху пра тое, што будзе пасьля Лукашэнкі... калісьці мая бабка вохкала на сьмерць Сталіна “Што будзе!...канец сьвету наступае!” Гэтак жа палохалі нас палякамі, літоўцамі, латышамі, эстонцамі, калі яны будавалі сваю незалежнасьць. Народ на вілы не падыме, калі будзе хацець гэтага іншага жыцьця. Пакуль значная частка народу хоча таго, што ведае, як Лукашэнка. Але ж нават у Беларусі час рухаецца. Усё справа часу, настойлівасьці і працы, бо ж альтэрнатыва надта плюгавая...


Імя:: belarus
15.08.2008 19:29

Карацей, выснова наступная, цытуючы ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага: "Сіла лічыцца толькі з сілай, толькі тады з набі будзе лічыцца як Захад так і Усход, калі мы будзем прадстаўляць сведамую сваёй волі, мэтаў і задач сілу." Іначай з'ядуць з патрахамі. Прададуць і амерыканцы і усе.


Імя:: Юрый Горад:: Слуцк
16.08.2008 00:32

Наконт таго, хто губляе ў гэтым гандлі таннымі энерганосбітамі – на мой погляд, усё ж Беларусь, і я згодны з Паўлам, што аргумэнты Алесі больш слушныя, чым аўтара артыкулу. Адна толькі русіфікацыя рукамі саміх жа “беларусаў” будзе каштаваць будучыні беларускага народа нашмат болей, чым тыя 50 ці колькі там мільярдаў расейскіх датацый за 17 год незалежнасці, хаця цяжка таксама сказаць, што было б бяз іх. Да, мы жылі ўвесь гэты час за кошт Расеі, было шмат неадназначных падзей у палітычным жыцці Беларусі, “аранжавая” рэвалюцыя 1996, знікненні вядомых палітыкаў – аднак гэта не навіна для Свету – гэта было шмат дзе, але што асабіста я ніколі не дарую беларускаму рэжыму – гэта ціхую, павольную русіфікацыю Беларусі, калі перасталі выходзіць газэты на беларускай мове, па-расейску загавварыла “беларускае” тэлебачанне, гульні беларускай зборнай пачалі каментавацца па-расейску і вось апагей – падручнік па Гісторыі Беларусі таксама стаў расейскім. Колькі каштуе усё гэта? У чым усё гэта можна вымераць? Да гэта ж бясцэнна. І вось на сцэне з’яўляецца, як вы кажаце, той самы буквар эканомікі – “эканомікс”. Хто выйграў, калі ўсё гэта было куплена за некалькі дзесяткаў мільярдаў?


Імя:: датацыйны наркадылер
18.08.2008 00:31

Тут ключавое пытанне - ці мае РБ(АГЛ) магчымасць самастойна распараджацца датацыйнымі грашамі, ці яны выдаюцца пад нейкія спецыфічныя прарасейскія праекты(ну напрыклад газ па 45 - а вы нам 50% банкаўскай сістэмы). А вось газ па 45 - а вы нам пацалункі - гэта ужо зусім нядрэнна. А так можна доўга гадаць на кафейнай гушчы, можна нават даказаць, што перамога у Супер-лато - гэта таксама сваеасаблівы разбуральны наркотык, на які можна купіць многа-многа водкі.


Імя:: Mikola Горад:: Litva
25.08.2008 20:25

Пан Юры справакаваў даволі вялізную дыскусыю, Але тут можна выціснуць смятану і карацей. У Сочы Лука не дамовіўся па падзелу "адкатаў" ад нафта-газавага бізнэсу, бо трэба дзяліцца ўжо на трох,
дамовіліся што расейскі бок сваю частку падзеліць сам на двох, Цэны на газ і нафту застануцца нізкія бо тады аткаты высокія,
Вайну ў Грузіі Лукашэнка назіраў з дзікім страхам, бо ў яго ўжо расейскія танкісты кіруюць беларускімі танкамі і не трэба нават з Масквы пасылаці прымушаці да міру(расейскія шпіёны камандуюць у РБ КДБ, Узброенымі сіламі і г.д.). Усё астатняе пасьля выбараў у ЭША.
Панове пішыце кароцей, няма часу ўсе вашы геніальныя думкі чытаці нават пэнсіянеру.

Камэнтары 1-12 (з 12)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb