Блогі

Сяргей Дубавец. Як галасаваць?

24.09.2008 17:26
Сяргей Дубавец

Неяк “тэма выбараў” у нас цалкам затуліла сабою “праблему выбару”. Сумленныя-несумленныя, ісьці-здымацца, назіраньне-падтасоўкі... – усе гэтыя складнікі “тэмы”, напэўна, важныя. Але сёньня яны такія, заўтра іншыя. Важна, каб за імі не згубілася “праблема” – навык шараговага выбарца, які складаецца ў навык усяго народу. Гаворачы толькі й выключна пра рыштаваньні, мы рызыкуем забыцца пра дом, для якога тыя рыштаваньні ўзводзяцца.

Выбары – рытуал як для тых, хто галасуе, так і для тых, хто падлічвае галасы. Рытуал – гэта адзінае, што можа спыніць падтасоўкі галасоў, ня сёньня, дык у будучыні. Бо казаць праўду і не падманваць – гэта таксама рытуал, які мы выносім са свайго выхаваньня, а выхаваньне – гэта і ёсьць навыкі. Людзі ведаюць, што сёньня выбарчы рытуал носіць фармальны характар, як за савецкім часам. Але рытуальнасьць працэдуры дазваляе спадзявацца, што ў іншых гістарычных умовах выбары могуць адбыцца справядліва. Спадзявацца на тое, што застрашальную ролю тут адыграе крымінальная адказнасьць за падтасоўку вынікаў, не выпадае, інакш падтасовак не было б і сёньня. Таму зусім не такім пустым выглядае антураж рытуалу выбараў – сьвята, урачыстасьць, буфэт... ВЫБАРЫ.

Вось мы надумаліся 28-га выканаць свой грамадзянскі абавязак. На шчасьце, сярод цалкам невядомых і нецікавых кандыдатаў на нашым участку знайшлося імя Валянціны Палевіковай. На Плошчы ў 2006-м яна паводзіла сябе сапраўды гераічна, значыць, з выбарам у нас праблем ня будзе.

Стоп! Аказваецца, Валянціна Палевікова зьнялася з выбараў.

Разумею, што ў апазіцыйных кандыдатаў шмат прычын, каб пакрыўдзіцца на ўладу. Але ўладзе ад таго, што яны здымаюцца з выбараў... Можа быць, камусьці наверсе гэта й нявыгадна, але што выбарчым камісіям прасьцей, дык пэўна. Атрымліваецца, што нашага выбару спн. Палевікова пазбавіла нас, сваіх выбарцаў. Бо галасаваць за іншых кандыдатаў, якіх нам прапануюць, – усё адно, што супраць сябе.

Заўважу, тут гаворка не пра тое, ці прайшла б яна ў парлямэнт. І не пра тое, што адмовілася ад свайго права “быць выбранай”. Яна пакінула нас бяз нашага права выбіраць, адчуваць, што не пакрывіў душой, згадваць на працягу наступных гадоў: “А мы галасавалі за Палевікову, гэта такая і такая ёсьць у Беларусі жанчына, яна, вядома, не прайшла, але ж вы разумееце, што гэты парлямэнт нічога не вырашае” – “Сапраўды, не вырашае. Як, вы кажаце, завуць тую жанчыну? Палевікова Валянціна? Трэба запомніць, за каго галасаваць”...

За каго ж галасаваць?

Ні ў якім разе нельга аддаваць голас за кандыдатаў, якія не валодаюць беларускай мовай. Па-першае, гэта сьведчыць пра іх агульны інтэлектуальны ўзровень, па-другое, – пра вартасьць іх патасных словаў пра Радзіму і патрыятызм, па-трэцяе – пра адносіны да беларускага парлямэнту, як да чыста бутафорскага ўтварэньня. Яны могуць не карыстацца моваю (кар’еры сёньня на ёй ня зробіш), але валодаць абавязаныя. Урэшце беларускамоўны выбарац – не іншаплянэтнік на сваёй зямлі і павінен мець магчымасьць размаўляць з дэпутатам на адной мове.

Цяпер – пра навык, пра самую сутнасьць выбарчага працэсу, пра “праблему выбару”. Гэта ўнівэрсальны прынцып, калі наш выбар тлумачыцца тым, што мы галасуем за сябе.

Напрыклад. Праз год мне спатрэбіцца жытло для майго дарослага дзіцяці. Праз два гады я мяркую абнавіць свой аўтамабіль, пляменьніца хоча паступіць у музычную школу, а дзядуля скардзіцца, што яму няма як дабірацца да ягоных сотак... Тысячы й тысячы прыватных патрэбаў, якія мы плянуем сабе на наступныя гады, нібыта ніяк не зьвязаныя з палітыкай, але залежаць ад таго, якія рашэньні будзе прымаць парлямэнт. Таму наш выбарчы навык мусіць базавацца ня столькі на палітычных дэклярацыях кандыдата і не на тым, хто зь іх прыгажэйшы з аблічча, а на нашых уласных плянах. Калі кандыдат абяцае спрасьціць крэдытаваньне жыльля, пазбавіць старыя аўтамабілі зь Нямеччыны непасільнага мыта, адкрыць музычную школу і прачысьціць грэйдэрам дарогу да дзядулевых сотак, значыць, галасуючы за яго, я буду галасаваць за сябе.

Верагоднасьць таго, што дэпутат выканае свае абяцаньні, сёньня такая ж, як верагоднасьць сумленнага падліку галасоў. Але што ты зробіш? Галоўнае – ты ведаеш, з чым ішоў на ўчастак, ты галасаваў за сябе, ты выканаў рытуал і ня страціў навыку. Калі гэтак будуць рабіць усе і заўсёды, тады аднойчы гэты неласкавы сьвет зьменіцца да лепшага. Хоць бы крыху.
 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-10 (з 10)
Імя:: Сяргей
24.09.2008 19:43

НIЯК.


Імя:: 11 Горад:: Менск
25.09.2008 08:43

каб я быў такім разумным учора, як мая жонка сёння... аўтар вельмі падобны на гэтую жонку


Імя:: Зміцер Горад:: Менск
25.09.2008 11:49

Усё слушна, акрамя вывадаў. Выбарцы рытуальна ходзяць, камісіі рытуальна падтасоўваюць. Аўтару варта зразумаць закон свету, у якім мы жывем: закрытыя сістэмы даюць аднолькавыя вынікі пры аднолькавым уздзеянні. Тут два варыянты: або змяніць сістэму, або ўздзеянне. На дадзены момант сістэма не была змененая. Вынікі ўдзелу ў выбарах нам добра вядомыя. У той жа час мы ня ведаем вынікаў байкоту выбараў на Беларусі. Гісторыя паказвае (напр. Зімбабве), што ён можа прыносіць плён. У такой сітуацыі няма аніякіх прычынаў, каб не зрабіць ВЫБАР на карысць байкоту.


Імя:: Банадыкт Горад:: Вільня
25.09.2008 23:11

Неглыбока.Папулістычна.
"На Плошчы ў 2006-м яна паводзіла сябе сапраўды гераічна, значыць, з выбарам у нас праблем ня будзе." - трэба быць вельмі наіўным і ня ведаць асобаў, каб так давярацца дэмагогам з атачэньня тав.Ганчарыка and Co. А тое, што Дубавец ня ведае рэальных асобаў, але намагаецца выглядаць мэнтарам, выклікае сьмех на хворуме.


Імя:: Andrei
26.09.2008 01:40

Davajce budzem hlusic adzi druhomu,kab ne razv uchylisia razmauliac pamizh saboj...
Zausjody pavazhau autara,no zaraz jaho artykul,miahka kazhuchy"nezrazumely"...
Sumna...


Імя:: Міхась Мазак Горад:: Мінск
26.09.2008 10:19

Я згодзен з галоўным пасылам Дубаўца.Я раней хадзіў на выбары,каб прагаласаваць за свайго кандыдата.У палатку гэта звычайна быў Мікола Статкевіч.Я ведаў,што ён не пройдзе,але гэта было важна для майго сумлення--пайсці і прагаласаваць,каб не казаць сабе потым--а што я зрабіў,каб было па іншаму Ў краіне?Кожная дробязь нашых паводзінаў сумуецца ў агульны відорыс нашага жыцця.Прасцей за ўсё сядзець на кухні і абурацца,маўляў--усе г..но.Улада--г..но.Апазіцыя--г..но.На гэтыя выбары я дакладна не пайду.Хаця ўсе тры кандыдаты--людзі прыстойныя,і па знешных дадзеных дэмакратычныя.Пэўна назва акругі--"Каліноўская" вымагае на тое.Але я не ўбачыў сярод их беларуса.А так хочацца хаця б раз на пяць год прагаласаваць за СВАЙГО.Думаю,такіх людзей,як я, досыць шмат,і байкот абурае нас значна больш,чым прадказальныя фальсіфікацыі пры падліку галасоў.


Імя:: Нетутэйшы Горад:: Менск
26.09.2008 10:26

Дзякуй аўтару за глыбіню і зварот увагі на асновы гэткага дзеяньня як выбары ўлады. Усё слушна, пад усім гатовы падпісацца й сам. Нашыя "палітыкі-дысыдэнты" занадта загуляліся ў дэмагогію па працэдурных пытаньнях і фармальнай лёгіцы. А зь людзьмі "простымі" (з намі, выбарцамі) трэба размаўляць проста: па сутнасьці. Урэшце стан дэмакратыі залежыць менавіта ад нас.


Імя:: Ihar
26.09.2008 11:09

jaki Gancharyk byu na ploscy 2006? U 2006 byli Milinkevich i Kazulin. I moladz tam byla ne z-za ih, a tamu shto zmahalasia za svaju buduchynu.


Імя:: Ахрэм
26.09.2008 23:40

Дубавец таленавіты публіцыст. Паважаю яго за пасьлядоўнае адстойваньне беларускае мовы. Але у гэтым артыкуле ён прапануе матывы рабскай псыхалёгіі й недальнабачнасьці. Маленькія падачкі для рабоў толькі скрадваюць вольную й вялікую пэрспэктыву, падаўжаюць й паглыбляюць стан нявольніцтва!


Імя:: Patryiot Горад:: Менск
27.09.2008 15:26

Аб якім абіраньні "свайго" можна казаць, калі голас кожнага, хто прыйшоў на ўчастак для галасаваньня, улада скарыстае для фальсіфікацыі - ўзаконьваньня кадыдата ад улады.

Камэнтары 1-10 (з 10)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb