Праграмы / Экспэртыза Свабоды

Я. Раманчук: “Я набіраю ў акрузе 70—75 працэнтаў”

25.09.2008 19:30

Сёньня на некаторых інтэрнэт-сайтах зьявілася інфармацыя, паводле якой улады ўжо нібыта выбралі імёны тых апазыцыянэраў, якія павінны прайсьці ў парлямэнт.

Як можна ацаніць апублікаваньне такой інфармацыі, каму гэта выгадна? Пра што сьведчаць іншыя прыклады інфармацыйнай вайны напярэдадні выбараў? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты Яраслаў Раманчук, які патрапіў у гэты сьпіс, і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

“Ад дэпутацкага мандату адмаўляцца ня буду”

Цыганкоў: “Яраслаў, ці вы прымаеце ўжо “віншаваньні” ад калегаў па апазыцыі з гэтай нагоды?” 
 

 


Раманчук: “Ведаеце, я ўжо 2 месяцы чую, што мяне недзе прызначылі. Але я ня ведаю, адкуль гэтыя чуткі, таму я да іх стаўлюся з усьмешкай і проста ігнарую. Я ведаю, што шмат чаго раблю ў межах сваёй выбарчай кампаніі ў акрузе, якая пачалася яшчэ з чэрвеня. Паводле таго, што кажа мая каманда, калі праводзіць апытаньні на вуліцах, у пікетах, на кватэрах — калі б былі дэмакратычныя выбары, я б атрымаў 70—75 працэнтаў. А колькі будзе аб’яўлена ў дзень выбараў... нашы людзі ня ўдзельнічаюць у падліку галасоў і ня маюць магчымасьць гэта кантраляваць. Таму легітымацыя таго, што я прайду альбо не прайду – будзе выключна праз уладу”.

Цыганкоў: “Калі будзе аб’яўлена, што вы абраныя, вы ня будзеце адмаўляцца ад дэпутацкага мандату?”

Раманчук: “Безумоўна, ня буду. Бо тое, што аб’явіць камісія — гэта будзе адпавядаць таму, што мы маем на ўчастках. Калі я стану дэпутатам, то гэта будзе яшчэ адна пляцоўка, каб прасоўваць ідэі дэмакратыі, свабоднага рынку і эўрапейскасьці Беларусі”.

Цыганкоў: “Аляксандр, як вы ацэніце гэтую інфармацыю пра “пяцёрку абраных”? Ці гэта правакацыя супраць гэтых асобаў альбо рэальныя зьвесткі, якія прасачыліся да журналістаў?”

“Уладзе гэта не патрэбна”

 

Класкоўскі: “Па-першае, гэты дакумэнт яшчэ раз сьведчыць пра тое, што ў гэтых выбарах усё ж ёсьць свая інтрыга. Хай сабе яна штучная, калі і будзе створаная, то адміністратыўным шляхам – памятаеце, беларускі кіраўнік сказаў, што магчыма, некалькі апазыцыянэраў не сапсуюць новы склад парлямэнту.

Тут магчымыя тры варыянты. Першы – калі ўсе гэтыя 5 чалавек праходзіць, і тады сапраўды, атрымліваецца, што тады такі сьпіс існаваў. Другі – ніхто не праходзіць, значыць, гэта лухта і тады паўстае пытаньне пра прафэсіяналізм тых, хто гэта распаўсюджвае. І трэцяе – праходзіць два-тры чалавекі. У выніку апрыёры на гэтых людзей кладзецца пляма падазрэньня, што яны нейкія марыянэткі, падпісалі нейкі патаемны кантракт з уладай, і гэтак далей. Каму гэта выгадна? Натуральна, уладзе нявыгадна, бо яны, наадварот, будуць даказваць, што ўсё атрымалася па-сапраўднаму, і гэта самыя зацятыя апазыцыянэры. Улады ж дзеля гэтага і “прадаюць” гэтыя выбары Захаду.

Гэта найхутчэй, я так лічу, усё ж сьведчыць пра калізіі ўнутры самой апазыцыі. Калі ў сыстэмную палітыкі ўкараняецца нейкая, хай сабе і невялікая група апазыцыянэраў, астатнія яшчэ больш трапляюць у маргіналіі. Уся ўвага прэса будзе прыкаваная да гэтых людзей, як некалі да групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня.

Увогуле, тое, як была пададзеная гэта інфармацыя – вельмі непрафэсійна. Калі гэта нейкая неафіцыйная выцечка, дык пазваніце тым людзям, Раманчуку, іншым, і спытайце, як яны да гэтага ставяцца. Як гэта зрабіла Радыё Свабода. Апошні абзац – “калі гэтыя чуткі пацьвердзяцца, дык тое і тое..” Але не хапае яшчэ аднаго радка – “а калі не пацьвердзяцца, дык я зьем свой капялюш”

Цыганкоў: “А як вы, Яраслаў, увогуле ацэніце інфармацыю, што вы апынуліся ў сьпісе 5 апазыцыянэраў, якія патрапяць у Палату прадстаўнікоў? Ці гэта мае на мэце пасварыць гэтых людзей зь іншымі прадстаўнікамі апазыцыі, ці да журналістаў трапілі рэальныя зьвесткі, пратачылася інфармацыя з уладных крыніцаў?”

Раманчук: “Можа быць і так, і так. Можа быць і правакацыя, бо гэтыя рэчы я чуў яшчэ і на пачатку кампаніі. Маўляў, “Раманчук дамовіўся з уладамі, таму ён і прайшоў”. Мае сябры з каманды, калі сёньня прачыталі гэта, то казалі, што калі б аўтары гэтай інфармацыі паглядзелі на маю выбарчую кампанію, пабылі б тут гэтыя 3—4 месяцы, то пабачылі б, што мы робім. Галоўнае, што думаюць людзі, а людзі нас ацэньваюць пасьля кампаніі значна лепш, чым да яе”.

“У гэтых умовах часам дэградуе і недзяржаўная журналістыка”

Цыганкоў: “Калі пагаварыць пра іншыя прыклады “інфармацыйных войнаў”, то можна ўзгадаць і тое, як ад імя Маладога Фронту рассылаюцца інфармацыі, якія многія лічаць правакацыйнымі. Ці гэта ўжо стратэгічны курс уладаў ці толькі такое падчас выбарчай кампаніі?”

Класкоўскі: “Казаць пра нейкую вельмі інтэнсіўную інфармацыйную вайну на гэтых выбарах не выпадае. Таму якраз зараз ва ўладаў ёсьць зацікаўленасьць спадабацца Захаду.

Што да Маладога Фронту, то гэта арганізацыя, якая ўладамі ўспрымаецца як радыкальная, і таму вельмі шчыльна апякуецца спэцслужбамі. Таму пэўныя дзеяньні, у тым ліку і накіраваныя на раскол, могуць мець месца. Хаця тут пытаньне пра тое, ці гэта паклёп ці гэта адлюстроўвае сапраўды сур’ёзныя працэсы ў самой арганізацыі.

Калі ж падсумоўваць, то можна сказаць, што ўсе гэтыя рэчы – гэта адлюстраваньне закрытасьці нашай сыстэмы. Беларуская ўлада адсякае журналістаў, экспэртную супольнасьць. І гэта прывучыла іншым разам гадаць на кававай гушчы, бачыць нейкія змовы там, дзе іх няма.

Другі момант – у гэтых умовах часам дэградуе і недзяржаўная журналістыка. Я з жалем і зьдзіўленьнем чытаю з дня ў дзень на некаторых рэсурсах, як “байкот шырока крочыць па краіне” і гэтак далей, што сьведчыць пра вялікую ступень ангажаванасьці”.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-9 (з 9)
Імя:: Ясь
25.09.2008 22:41

Каб Захад прызнаў гэтыя "выбары" Лукашэнка павінен будзе уключыць у палатку некалькі апазыцыянераў


Імя:: Таццяна Горад:: Мозыр
26.09.2008 01:00

Ніякі байкот нікуды не крочыць. Гэтыя глупствы піша Хартыя, а некаторыя перадрукоўваюць, таму ім хочацца байкоту. На самой справе выбаршчыкі і не пайшлі бы нікуды, бо не вераць гэтай уладзе. Але страх страціць працу, або месца вучобы, або абыякавасць да ўсяго, або тата ў выканкаме - вось што устрымлівае ад бацкоту ды выхаду на плошчу. Па-чалавечы зразумела, але па вялікаму рахунку гэтыя людзі трымаюць рэжым. Але праз гэта не пераскочыш, пакуль кожнаму не ўсведаміцца, куды трэба паслаць Луку.


Імя:: БР
26.09.2008 10:49

@Але страх страціць працу, або месца вучобы,@

Девочко, и на выборах 2001, и на выборах 2004 или 2006 годов часть народа на выборы не ходила, например, часть студентов. И никто из них ни работу, ни учёбу не "стратил". Так что все эти ваши байки про то, что кто-то чего-то "боится" - лишь неуклюжая попытка оправдать свою политическую импотенцию


Імя:: БелаЭмігрант Горад:: З ЭЗ
26.09.2008 12:21

Гэты ваш фралоў сапраўдны канкурэнт уладзе, бо ён па беларуску "ні ў зуб нагою" і гатоў прадаці Беларусь ў братнюю Русь яшчэ дзешавей чым калгасьнік Лука.
Хутка пабачым хто з дэструктыўных элемэнтаў праб'ецца ў беларускую палату лордаў і будзе каля карыта дарам хлеб есьці.


Імя:: Козел
26.09.2008 15:55

А я б атрымаў 99%


Імя:: Котя Горад:: Борисов
26.09.2008 23:48

Романчук к этому сговору не иметт отношения. Это ЕС за спиной у оппозиции договаривается с властями, сколько мест в парламенте отдать оппам. Значит, в Европе хорошо понимают - никакие это не выборы, а фарс, но будут снимать санкции. Вряд ли умница Романцук попадет в парламент. Этой власти его ум не нужен.


Імя:: Таццяна Горад:: Мозыр
26.09.2008 23:54

to БР
Я і не казала пра магчымую перамогу апазіцыі. яна ў нас сапраўды слабая. Але, паважаны БР, трэба было б падумаць, чаму і хто загнаў апазіцыю ў гета. Яна павінна быць на віду, грамадзяне павінны яе ведаць, каб зрабіць свядомы выбар. Вось вы чалавек дасведчаны, ведаеце пра імпатэнцыю вогуле і імпатэнцыю апазіцыі асобна, а выбаршчыкі масава як папугаі твердзяць за БТ тое ж, што і вы. Адчуваеце розніцу?


Імя:: Ангелина
26.09.2008 23:56

Зачем тогда бойкот, т.е. дурить людям голову?


Імя:: Севярын-Глеб Горад:: Бярозаўка
27.09.2008 07:25

БР у сваім стылі. "Нікто работу ні стратіл". За каго прымаеце усіх навакольных? Думаеце, тут бараны, сьляпыя і глухія?
Сьвядома пераварочваць усё з ног на голаву можа альбо шызафрэнік, альбо платны правакатар .

Камэнтары 1-9 (з 9)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb