Праграмы / Грамадзкі рэдактар

“Інтэрнэт – месца для спрэчак, а не для пошуку кампрамісу”

30.09.2008 08:26

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – пяцікурсьніца Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Саша Клімовіч. Яна – будучы тэатральны рэжысэр. Вучобу ў прэстыжнай ВНУ дзяўчына спалучае з актыўнай працай у культурніцкай камісіі грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Саша Клімовіч разважае пра тое, наколькі ўдала выконвае Інтэрнэт ролю пляцоўкі для грамадзкай дыскусіі.

– Зараз большасьць інфармацыйных сайтаў дае інэрнэт-карыстальнікам магчымасьць пакідаць камэнтары на навіны. Гэта адлюстроўвае настроі чытацкай аўдыторыі, паказвае стаўленьне людзей да той ці іншай асобы альбо падзеі.

Але па маіх уласных назіраньнях, камэнтаваньне навінаў грамадзкасьцю зводзіцца да абразьлівых спрэчак. Шматлікія інтэрнэт-форумы, інфармацыйныя сайты з правам на камэнтаваньне, блёгі – гэта месца, дзе заўсёды ёсьць магчымасьць быць ананімам, ёсьць магчымасьць не адказваць за свае словы.

Мне часам здаецца, што інтэрнэт-дыскусіі – свайго роду маніпуляцыя на чалавечых слабасьцях, таму што заўсёды лягчэй выказаць думку, седзячы за кампутарам і прызэнтаваць яе пад псэўданімам, чым весьці дыскусію наўпрост.

Часта спрэчкі ў інтэрнэце пачынаюцца і скончваюцца без аргумэнтаў і доказаў, даволі рэдка ў камэнтарах можна знайсьці адэкватную канструктыўную думку ці прапанову, часьцей за ўсё абмяркоўваюцца асабістыя якасьці пэрсаналій.

Напрыклад, нядаўнія падзеі ўнутры Фронту, зьвязаныя з выключэньнем Алеся Міхалевіча, шырока асьвячаліся ў прэсе, і, вядома, шмат было камэнтараў на гэты конт. Дык вось: удзел бралі людзі, якія даўно жывуць за мяжой, не зьяўляюцца сябрамі Фронту і не зусім у тэме пытаньня. На мой погляд, сытуацыя абсурдная, склалася ўражаньне, што кожны мае свой інтарэс і вельмі залежыць ад вырашэньня гэтага пытаньня. Але часьцей за ўсё допісы былі эмацыйнымі і абразьлівымі ў бок альбо Баршчэўскага, альбо Міхалевіча, але ніяк не канструктыўнымі: ніхто не прапаноўваў шляхі да кампрамісу, і дыскусія ніяк не паўплывала на вырашэньне гэтай сытуацыі. На мой погляд, яна стала шкоднай як для аднаго боку, так і для другога.

Ці ўзяць нядаўнія камэнтары на сытуацыю Франака Вячоркі з прызывам у войска на сайце “Нашай Нівы” і ў “ЖЖ” – таксама бачым выключна пасыл нэгатыву да пэрсоны, і ніяк не ацэньваюцца законнасьць ці незаконнасьць выключэньня Франака з ВНУ і сёньняшняга прызыву.

Я сутыкалася з разьвіртуалізацыяй некаторых актыўных інтэрнэтчыкаў, дык у большасьці сваёй гэтыя людзі даволі сьціплыя ў жыцьці і асьцярожныя ў выказваньнях. Проста Інтэрнэт – тое месца, дзе чалавек альбо выдае сябе за таго, кім бы ён марыў быць, але ня стаў, альбо чалавек проста рэалізоўвае сваё права на ліцадзейства: ён апранае маску і стварае адмысловы вобраз.

Даўно вядома, што ўсе разьбіраюцца ў трох рэчах: футболе, палітыцы і мастацтве. Гэта было заўсёды, але раней гарачыя дыскусіі пачыналіся і скончваліся на кухні, зараз тое прыняло большыя маштабы.

Не лічу, што гэта кепска – напэўна, гэта тое, з чым трэба зьмірыцца. Усё ж такі ёсьць форма выказваньня меркаваньня, форма лёгкадаступная і папулярная.

Я вельмі не люблю ананімныя, абразьлівыя і крыклівыя камэнтары. Чытаючы іх, адразу ўзьнікае жаданьне сустрэцца з гэтым чалавекам і паразмаўляць на спрэчную тэму. У жывым, так бы мовіць, фармаце, як правіла, дыскусія становіцца больш цывілізаванай і канструктыўнай.

Але апошнім часам да ўсіх эмацыйных допісаў стаўлюся з гумарам: часам яны вельмі забаўляюць сваёй нечаканасьцю. Трэба адзначыць, што людзі найбольш вынаходлівыя ў моманты, калі іх ахоплівае альбо злосьць, альбо зайздрасьць, і адзіным канструктыўным для сябе варыянтам рэакцыі на такія эмоцыі зьяўляецца ігнараваньне і гумар.

Я за тое, каб людзі абменьваліся сваімі меркаваньнямі на адлегласьці некалькіх мэтраў, на дыскусійных сустрэчах, канфэрэнцыях ці проста за гарбатай. Насамрэч, у спрэчках ніколі не нараджаецца ісьціна, а інтэрнэт гэта хутчэй месца для спрэчак. А вось у дыскусіі заўсёды можна знайсьці кампраміс.

 
 
Вы хацелі б выказацца?
Імя *
Горад
E-mail
Камэнтар *
Перш чым камэнтар будзе пасланы... правілы форуму

Камэнтары 1-6 (з 6)
Імя:: Korj Горад:: Менск
30.09.2008 10:28

Саша, не сачыў за ўзгаданымі Вамі спрэчкамі па Міхалевічу ды Франаку, але ёсьць меркаваньне, што ніхто акрамя Езуса не бязгрэшны. У тых спрэчках, магчыма, людзі, што па Вашых словах зьехалі, я нават здагадваюся, каго Вы мелі на ўвазе, мажліва хацелі данесьці да новага пакаленьня, да Вас у прыватнасьці, нейкую ўсё ж інфармацыю, якой Вы не маеце праз нашыя "афіцыйныя" апызыцыйныя СМІ ды вашых старэйшых паплечнікаў. Проста трэба вучыцца працаваць з матэр'ялам - інфармацыі ў каментарах сапраўды мізэр, але яе там у нашым выпадку часам больш, чым у трох-чатырох застаўшыхся нашых выданьнях, кожнае зь якіх мае сваю акрэсьленую пазыцыю, гэтак жа як каментуючыя, хіба толькі рэдактары лаянку не пушчаюць, дык яе і ў каментарах звычайна мадэруюць... Каб у нас было 100 СМІ, можна было б на каментары не зважаць - усе, хто б меў што сказаць, недзе б былі надрукаваныя, прайшоўшы рэдактарскі фільтар.
Ну й да таго ж новае тысячагодзьдзе нясе новы падыход, і шмат каму цікавей "друкавацца" ў сваім блёге, чымсьці ў СМІ. Таму не падзяляю Вашае нейкае лудыстскае стаўленьне да блёгасфэры - проста ў ёй трэба ўмець рацыянальна шукаць. Вам жа чамусьці трэба кожны артыкул прыняць да сэрца, да душы - альбо пасьмяяцца, альбо паплакаць. Гэтак з матэр'ялам не працуюць, бо гэта ўжо не матэр'ял, а вашае яго эмацыйнае ўспрыняцьцё. Жадаю посьпехаў, калі гэта ў Вас прафэсыйная ў нейкім варыянце цікаўнасьць, калі гэтак папросту бавіце вольны час, дык навошта дадаткова псаваць сабе настрой - вольныя інфармацыйныя сродкі, уключна з інтэрнэтам, ніхто не прымушае чытаць, тым больш учытвацца ў каментары - гэта справа на аматара...


Імя:: цікаўны
30.09.2008 13:31

Аляксандра, само па сабе жыцьцё за мяжой яшчэ не гаворыць пра тое, што чалавек "ня ў тэме". Вось Пазьняк больш 10 гадоў ня быў у Беларусі, а даў зусім дакладны прагноз наконт перспектыў выбараў. А ёсьць і іншыя, супрацьлеглыя прыклады. Вы напісалі наконт дыскусіі вакол выключэньня Міхалевіча, што "склалася ўражаньне, што кожны мае свой інтарэс і вельмі залежыць ад вырашэньня гэтага пытаньня". Не магу зразумець, як эмігранты могуць залежыць ад выключэньня альбо невыключэньня Міхалевіча (гранта ідуць з Захаду, а не на Захад ))


Імя:: заўвага
30.09.2008 14:27

Папярэднім аратарам. Вось нарэшце запрасілі рэдактарам сексі-прывабную дзяўчыну, дык вам трэба (выдалена рэдактарам за парушэньне правілаў форуму).


Імя:: театрал
30.09.2008 17:29

Девушка, а как бы с Вами встретиться? Обсудить некоторые аспекты сценографического решения современых прочтений Брехта ))


Імя:: рэцэнзэнт
30.09.2008 19:38

Я б таксама хацеў сустрэцца. Тэма -- Піцер Брук і Некрошюс: што агульнага і што іх розьніць? Мяркую, Брук больш актуальны за Брэхта. Таму спачатку лягічна сустрэцца са мной;-)


Імя:: Дзяўчо Горад:: Miensk
01.10.2008 00:17

Саша, я бы яшчэ дадала, што акрамя нявыхаваных людзей, на сеціве яшчэ заўсёды 'пасьвяцца' адпаведныя правакатары.

і яшчэ: такое бескультурнае абмеркаваньне назіраецца не толькі сярод беларусаў, а і ў іншых народаў былога СССР (я расейскія форумы нават чытаць не магу - такая брыдота!). Гэта, мабыць вынік савецкага выхаваньня, дзе ніхто нішто не абмяркоўваў і не разважаў і гэтаму нідзе не вучыўся. Людзі былі падлізамі да начальства і агрэсіўна нецярпімымі да ворагаў.

Камэнтары 1-6 (з 6)
Падзяліся навіной:
Del.icio.us Digg Facebook Google Bookmarks MySpace Windows Live Yahoo Bookmarks Yahoo MyWeb