аўторак, 07 лютага 2012, Менск 09:55

Палітыка

Андрэя Кіма будзе бараніць грамадзкасьць

У справе вызваленьня Андрэя Кіма створана грамадзкая камісія. Яе галоўнай мэтай чальцы аргкамітэту назвалі інфармаваньне міжнароднай супольнасьці пра новыя мэтады ціску на грамадзтва з боку беларускіх уладаў і патрабаваньне неадкладна вызваліць палітвязьняў.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма затрымалі 21 студзеня падчас разгону дэманстрацыі прадпрымальнікаў. Спачатку яго пакаралі арыштам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым адвезьлі ў пракуратуру на допыт, дзе прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе паводле 364 артыкулу (пагроза альбо гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да міліцыянта). Адтуль хлопца перавялі ў сьледчы ізалятар.

Маці Андрэя Тацяна Кім паведаміла “Свабодзе”:

“Ён веруючы і спакойны. Яго вельмі цяжка вывесьці зь сябе. Калі там нешта адбылося, то гэта значыць, што ўсё было ня проста. Мой сын не злачынца – гэта адназначна. Я лічу, што ён пацярпеў за грамадзянскую пазыцыю. Я калі яго адгаворвала, ён казаў, што трэба людзям дапамагаць. Казаў, што служыць Богу — гэта значыць служыць людзям”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі сябар незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Аляксей Бондар апавёў:

“Я ня ведаю. Што – спатрэбілася сьвежая кроў, новыя закладнікі для торгу з цывілізаваным сьветам? Галоўнае цяпер — гэта вызваленьне Андрэя і супрацьстаяньне рэпрэсіям у Беларусі. Прадпрымальнікі таксама нашыя сябры. Андрэя схапілі на акцыі ў падтрымку дробных прадпрымальнікаў. Гэта справа кожнага з нас”.

Палітык Павал Севярынец дадаў:

“Распачынаецца крымінальная справа за прадпрымальніцкую акцыю. Арыштоўваюць больш за пяцьдзесят чалавек у выніку акцыі пратэсту. Распачынаецца крымінальная справа супраць Андрэя Кіма. Атрымлівае тры гады Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Мы бачым, што рэпрэсіі, праведзеныя ў пару так званага “пацяпленьня”, ужо перавышаюць тыя рэпрэсіі, якія праводзіліся ў часе “замаразкаў”. Гэта новая стратэгія ўлады ў працы з Эўропай: на экспарт даюцца вызваленьні, для ўнутранага ўжываньня працягваецца кампанія тэрору, псыхалягічнага ўціску і запалохваньня”.

Днямі, калі стане вядомы нумар камэры, у якой трымаюць Андрэя Кіма, моладзь пачне дасылаць вязьню лісты падтрымкі.

Маці Андрэя Кіма, Тацяна Кім.

Паседжаньне камісіі па вызваленьні Андрэя Кіма.

Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Фрабел.
04.02.2008 19:02
Чарговы раз рэжым выпячвае сваё сапраўднае аблічча,абвінавачвуючы Андрэя Кіма ў гвалтоўных дзеяньнях супраць "міліцыянтаў",гэта проста здзек над тымі беларусамі, хто быў жорстка збіты і прыніжаны зверскімі дзеяньнямі такіх "міліцыянтаў", і пракуратура заўсёды адмаўляла
БЕЛАРУСАМ , каб такія вырадкі панеслі наказаньне.
Ганьба праклятаму рэжыму !!!

Імя:: Вячак
04.02.2008 23:50
Сьвежая кроу заужды патрэбна рэжыму.Бо начале яго стаiць вампiр якi прагне яе зноу ды зноу.Але мы не здамося!!!